BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зміцер Васэрман: Швецыя прымае сотні тысяч мігрантаў з Афрыкі, але не можа прыняць 100 беларусаў

Будуць пераглядаць справы і, спадзяемся, больш нікога не дэпартуюць, кажа актывіст. Сітуацыя з беларусамі, якіх дэпартавалі са Швецыі, а пазней затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы – выклікала рэзананс таксама ў Швецыі. Як вынік мясцовыя міграцыйныя органы могуць удасканаліць свае працэдуры.

115 беларусаў у Швецыі за апошні год шукаюць прытулак, расказвае прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман:

РР: Эмоцыі трошкі улягліся, бо розныя дыскусіі былі ў сацыяльных сетках. Як Вы наогул Вы ахарактарызавалі бы ўсю гэтую сітуацыю ад пачатку да канца?

– На гэтую сітуацыю трэба глядзець у больш шырокім кантэксце. Таму што напрыклад у мінулым годзе 98% беларусаў якія шукалі прытулак, яго не атрымалі, атрымалі адмову заместа прытулку. Прытым, што колькасць беларусаў, якая шукала палітычнага прытулку ў Швецыі вельмі-вельмі маленькая. Калі Швецыя прыняла сотні тысяч мігрантаў з Паўночнай Афрыкі і Бліжняга Ўсходу, то колькасць беларусаў, якія шукалі прытулку ў апошнім годзе – была 115. Асноўная маса атрымала адмову, і атрымала адмову на вельмі дзіўных і некарэктных падставах.

Што тычыцца канкрэтна гэтых 2 чалавек, то незалежна ад таго, былі там падробленыя дакументы, самае галоўнае тое, што яны былі дэпартаваныя на абсалютна абсурдных падставах. Дэпартаваць людзей таму што яны не былі выбітнымі чальцамі апазіцыі… На жаль мы ўсе ведаем, што ў Беларусі садзяць у турму на драконаўскія тэрміны і выбітных і невыбітных чальцоў апазіцыі – усіх хто выступаў супраць рэжыму, і каго яны змаглі ідэнтыфікаваць.

Ці таксама выкарыстоўваюць такія аргументы, што раз вас выпусцілі, то вам нічога не пагражае -гэта абсурдныя аргументы. Мы ведаем вельмі-вельмі шмат беларусаў, якія не атрымліваюць прытулак і ў якіх ўсё на 100% чыста, але ўсё-роўна іх дэпартуюць ці адмаўляюць у прытулку. Выпадак дэпартавання, гэта быў першы нам вядомы выпадак, калі чалавека сапраўды дэпартавалі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Прыгадаем, у апошнія дні жніўня стала вядома, пра грамадзяніна Беларусі, які не атрымаў палітычны прытулак ў Швецыі, мусіў вярнуцца ў Беларусь, яго затрымалі на мяжы ды змясцілі ў менскае СІЗА. Мужчына два гады таму прыехаў у Швецыю разам з маці і папрасіў палітычнага прытулку, бо яны разам хадзілі на пратэсты пасля выбараў у 2020-ым годзе.

Беларускае Радыё Рацыя