З 25 сакавіка адсутнічае сувязь са спікеркай Каардынацыйнай рады Беларусі Анжалікай Мельнікавай. Пра гэта паведаміў учора ўвечары кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале. Паводле яго, жанчыны няма на тэрыторыі Польшчы.

“Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што першыя асобы дэмакратычных сіл Беларусі з’яўляюцца прыярытэтнымі мэтамі спецслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расеі”, – напісаў Латушка.
Ён падаў заяву ў праваахоўныя органы Польшчы пра знікненне спікеркі Анжалікі Мельнікавай. Па просьбе праваахоўных органаў дадзеная інфармацыя не разгалошвалася.
Як паведаміла пазней выданне «Наша ніва», апошняе паведамленне, якое атрымалі ад Мельнікавай дэлегаты Каардынацыйнай рады, было прысвечана яе цяжкаму стану здароўя. Жанчына пісала, што будзе на бальнічным бліжэйшыя два тыдні, але ў той жа час абяцала заўсёды заставацца на сувязі.
«Як выявілася, праз нейкі час Мельнікава вылецела з Еўразвяза, не папярэдзіўшы нікога. Цяпер сувязі са спікеркай няма», – напісала выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






