ЗША больш не будуць несці асноўны цяжар аказання гуманітарнай дапамогі ў свеце, заявіў учора дзяржаўны сакратар Марка Рубіа.
Як піша Reuters, Рубіа заклікаў іншыя багатыя краіны планеты ўзяць на сябе большую адказнасць пасля разбуральнага землятрусу ў М’янме.

“Мы не з’яўляемся ўрадам свету. Мы будзем прадастаўляць гуманітарную дапамогу, як і ўсе астатнія, і будзем рабіць гэта так добра, як зможам”, – сказаў Рубіа журналістам у Брусэлі.
Рубіа заявіў, што несправядліва чакаць, што Амерыка працягне забяспечваць 60-70% усёй гуманітарнай дапамогі ў свеце, калі ёсць мноства іншых багатых краін, якія павінны ўнесці свой уклад. Ён асабліва згадаў Кітай і Індыю.
“Мы – самая багатая краіна ў свеце, але нашы рэсурсы не бязмежныя. У нас велізарны нацыянальны доўг, у нас ёсць і іншыя прыярытэты. Пара перагледзець наш падыход. Мы не адмаўляемся ад аказання дапамогі, але ў нас ёсць і іншыя задачы,” — заявіў Рубіа.






