Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) адмовілася ад свайго рашэння адмяніць грантавае фінансаванне для «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода».

Пра гэта гаворыцца ў лісце, які падпісала старшы дарадца агенцтва Кэры Лэйк пасля таго, як «Радыё Свабода» абскардзіла спыненне фінансавання ў судзе, перадае Бі-бі-сі.
Напярэдадні федэральны суддзя ЗША часова заблакаваў спробу адміністрацыі Трампа закрыць “Радыё Свабода”.
“Кіраўніцтва USAGM не можа адной прапановай з мінімальным абгрунтаваннем прымусіць «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» спыніць працу — нават калі прэзідэнт загадаў ім гэта зрабіць, — напісаў суддзя акруговага суда Ройс Ламберт.
Кэры Лэйк апавясціла суд, што адклікала сваё папярэдняе рашэнне аб спыненні дзеяння гранта, каб такім чынам спыніць юрыдычнае супрацьстаянне з вяшчальнікам.
У той жа час Лэйк удакладніла, што агенцтва пакідае за сабой права ануляваць грант у будучыні.
Паводле афіцыйнай справаздачы USAGM, у 2025 годзе на фінансаванне «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» было выдзелена 153 млн даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя






