Адновіцца як абмен разведдадзенымі, так і пастаўкі зброі.

Фота t.me/ermaka2022
ЗША аднаўляюць пастаўкі зброі Украіне, а таксама абмен разведвальнай інфармацыяй. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках украінска-амерыканскіх перамоваў у Джыдзе.
“Злучаныя Штаты неадкладна адмяняюць паўзу ў абмене разведдадзенымі і аднаўляюць дапамогу Украіне ў сферы бяспекі”, – адзначаецца ў заяве. Дакумент апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны.
У заяве сказана, што Злучаныя Штаты і Украіна “зрабілі важныя крокі на шляху да аднаўлення надзейнага міру ва Украіне”. У гэтым кантэксце прадстаўнікі абедзвюх краін “высока ацанілі адвагу ўкраінскага народа, які абараняе сваю дзяржаву, і пагадзіліся, што зараз настаў час пачаць працэс устанаўлення трывалага міру”.
Пры гэтым украінская дэлегацыя ў чарговы раз выказала глыбокую падзяку ад імя ўкраінскага народа Прэзідэнту Дональду Трампу, Кангрэсу ЗША і народу Злучаных Штатаў за тое, што яны зрабілі магчымым значны прагрэс на шляху да міру.
Украіна пагадзілася на прапанову ЗША аб неадкладным часовым спыненні агню працягласцю 30 дзён. Аднак спачатку на спыненне агню павінна пагадзіцца Расея.






