Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў расейскія масавыя паветраныя ўдары па энэргетычнай інфраструктуры Украіны.

«Я рашуча асуджаю вайну Расеі супраць Украіны, якая працягваецца, і расейскія спробы прывесці ўкраінцаў у цемру, — гаворыцца ў заяве. — Расея ніколі не даб’ецца поспеху ва Украіне. Ёй не ўдасца зламаць дух украінскага народу».
У сваёй заяве прэзідэнт Байдэн падкрэсліў, што кааліцыя з больш як 50 краін на чале са Злучанымі Штатамі дае Украіне крытычна важнае для абароны вайсковае абсталяванне, уключаючы сістэмы СПА. Для ЗША прыярытэтнымі з’яўляюцца пастаўкі Украіне такіх сістэм. Злучаныя Штаты таксама накіроўваюць ва Украіну абсталяванне для рамонту і падтрымкі энергетычнай інфраструктуры.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн запэўніў украінцаў, што Злучаныя Штаты застаюцца непахіснымі ў падтрымцы Украіны і што гэтая падтрымка будзе працягвацца да перамогі Украіны, гаворыцца ў заяве.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней паведаміў пра наступствы аднаго з самых вялікіх расейскіх абстрэлаў 26 жніўня.
Па словах кіраўніка Украіны, войскі РФ запусцілі па Украіне сама меней 127 ракет і 109 дронаў.
Раніцай 26 жніўня расейскія вайскоўцы зрабілі маштабную атаку на Украіну з дапамогай ударных дронаў і крылатых ракет. Расея падняла ў неба 11 стратэгічных бамбавікоў. У выніку расейскага масіраванага нападу на энергетычную інфраструктуру пацярпелі 15 абласцей Украіны.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна па розных відах узбраення — ударнымі БПЛА, ракетамі, КАБамі, РСЗА — атакуюць ўкраінскія рэгіёны.
Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы цывільнае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энергетыкі і водазабеспячэння.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Федэрацыі і падкрэсліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Беларускае Радыё Рацыя






