ЗША абвясцілі аб прадастаўленні Польшчы крэдытнай гарантыі на 4 мільярды долараў для набыцця амерыканскай зброі і ваеннага абсталявання.

“Польшча застаецца адным з самых надзейных і моцных саюзнікаў Амерыкі ў Еўропе — краінай на перадавой усходняга флангу NATO і лідарам у сферы абаронных інвестыцый”, — цытуе AFP прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус.
Польшча атрымае крэдытныя гарантыі ў рамках праграмы, якая прадугледжвае прадастаўленне саюзнікам і партнёрам Амерыкі пазык і грантаў на набыццё амерыканскага ваеннага абсталявання.
На фоне росту пагрозы з боку Расеі Польшча ў апошнія гады паскорана мадэрнізуе свае ўзброеныя сілы, падпісваючы буйныя кантракты пераважна з ЗША і Паўднёвай Карэяй.
Сярод ужо заключаных здзелак – закупкі амерыканскіх ударных верталётаў Apache, рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS і комплексаў супрацьпаветранай абароны Patriot.






