BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЗША гатовыя адмовіцца ад спробаў дасягнуць міру паміж Расеяй і Украінай

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Злучаныя Штаты могуць спыніць спробы дасягнуць мірнага пагаднення паміж Расеяй і Украінай, калі не будзе дакладных прыкметаў яго хуткага заключэння.

Фота: © Facebook/Marco Rubio

Паводле Марка Рубіё, ЗША чакаюць выніку перамоваў аб завяршэнні вайны Расеі ва Украіне «у бліжэйшыя дні, не тыдні», і калі гэтага не адбудзецца, яны будуць вымушаныя засяродзіцца на іншых прыярытэтах.

Паводле Рубіё, ЗША дапамагалі Украіне апошнія тры гады і хочуць завяршэння канфлікту, але «цяпер мы падыходзім да моманту, калі нам трэба вырашыць і вызначыць, ці магчыма гэта наагул ці не».

Ён таксама адзначыў, што гарантыі бяспекі, якіх дамагаецца Украіна, ня ёсць «незаконным жаданнем». На яго думку, «усе прызнаюць, што здольнасць Украіны абараняць сябе павінна быць часткаю кожнай дамовы», але пакуль «мы яшчэ не працуем над такім роўнем канкрэтыкі».