Перамовы Расеі, Украіны і ЗША ў Эр-Рыядзе (23-25 сакавіка) не прывялі да канчатковага пагаднення, але бакі дамовіліся працаваць над бяспекай суднаходства ў Чорным моры і забаронай удараў па энергетычных аб’ектах.

Палітолаг Аляксандр Фрыдман адзначыў, што Вашынгтон апынуўся перад складанай дылемай:
– Пагадненне будзе хісткае, яно можа сарвацца ў любы момант. Шмат што залежыць ад рэакцыі амерыканцаў. Як яны будуць сачыць і як яны будуць дзейнічаць, залежыць ад Трампа. Як слушна піша Bloomberg, наступае гэтая дылема: ён мусіць у пэўны момант для сябе вырашыць: або ён выконвае пуцінскія патрабаванні і становіцца фактычна на бок Расеі і будзе ціснуць на Украіну, гэта першая магчымасць, другая магчымасць – ціснуць на Расею.
Фрыдман лічыць, што нядаўняя гібель чатырох вайскоўцаў ЗША каля мяжы з Беларуссю можа змяніць рэгіянальную палітыку:
– У Лукашэнкі зараз трошкі іншы клопат, звязаны з гэтай пакуль таямнічай гісторыяй з амерыканскімі вайскоўцамі, якія загінулі ў Літве, і з чуткамі, што да гэтай акцыі могуць мець адносіны спецслужбы Беларусі і Расеі. Яны баяцца, што надзеі, якія ў іх ёсць на паляпшэнне стасункаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі, што яны могуць знікнуць.
На думку Фрыдмана, пакуль афіцыйныя ўлады ЗША не зрабілі заяў, але інцыдэнт можа паўплываць на стратэгію Вашынгтона ў рэгіёне. ЗША таксама паабяцалі дапамагчы Расеі аднавіць экспарт сельгаспрадукцыі і ўгнаенняў – знізіць страхавыя выдаткі і палепшыць доступ да партоў.
Цалкам матрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






