Служба грамадзянства і іміграцыі ЗША абвясціла поўнае спыненне прыняцця рашэнняў па справах аб прытулку. Кіраўнік службы Джозэф Эдлоў заявіў, што працэс адновіцца толькі пасля ўвядзення «максімальна магчымай праверкі кожнага заяўніка».

Таксама пачалася паўторная праверка ўсіх “грын-карт” для замежнікаў з краін, якія ўяўляюць інтарэс, і прыпыненая апрацоўка ўсіх іміграцыйных запытаў ад грамадзян Афганістану. Прычына — інцыдэнт у Вашынгтоне, дзе афганскі ўцякач Рахманула Лаканвал, які прыехаў у 2021 годзе, адкрыў агонь ля Белага дому. Адна вайскоўка Нацгвардыі загінула, другі боец паранены.
Што датычыць нашых суайчыннікаў, паводле дадзеных праваабарончай ініцыятывы “Байэкшыон”, што дапамагае беларусам у міграцыйных пытаннях у Злучаных Штатах, у адмысловых лагерах цяпер утрымліваюцца мінімум дзесяць беларусаў, якія шукалі прытулку з палітычных матываў. Некаторых ужо вызвалілі праз суд, але агульная колькасць затрыманых можа быць значна большай.






