BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЗША рыхтуюць стратэгію ў падтрымцы Украіны

710-ы дзень вайны. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна распрацоўвае план доўгатэрміновай падтрымкі Украіны ў вайне супраць Расеі.

ЗША

Аднак гэты план не прадугледжвае якіх-небудзь істотных зменаў лініі фронту на карысць Украіны ў бягучым годзе. Ён засяроджаны на абароне, а таксама ўмацаванні эканомікі Украіны. Пра гэта паведамляе газета The Washington Post са спасылкай на ананімныя крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі. 

Выданне цытуе высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі ЗША, які сцвярджае, што для Украіны сёлета будзе цяжка паўтарыць спробу наступу, падобную да той, якая была зроблена летам мінулага года. Яна прывяла толькі да абмежаваных поспехаў, стратэгічная мэта — перарэзаць так званы сухапутны калідор у анексаваны Крым — не была дасягнутая. 

Цяпер адміністрацыя ЗША спадзяецца, што сёлетні год, праведзены ў абароне, дазволіць Украіне істотна ўмацаваць свой патэнцыял, у тым ліку ў сферы ваеннай прамысловасці. Пры гэтым падкрэсліваецца, што магчымасць рэалізацыі амерыканскага плана падтрымкі залежыць ад таго, ці выдзеліць Кангрэс сродкі на дапамогу Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя