BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЗША выйшлі з групы па расследаванні злачынстваў Расеі ва Украіне, – NYT

Міністэрства юстыцыі ЗША таемна праінфармавала еўрапейскіх чыноўнікаў пра тое, што краіна выходзіць са шматнацыянальнай групы, створанай для расследавання дзеянняў асоб, адказных за ўварванне РФ ва Украіну.

Аб гэтым піша The New York Times (NYT) са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. “Рашэнне аб выхадзе з міжнароднай групы па пераследзе за злачынства агрэсіі супраць Украіны, у якую ЗША ўвайшлі ў 2023 годзе, з’яўляецца апошняй прыкметай таго, што адміністрацыя Трампа адыходзіць ад абавязацельства прэзідэнта Байдэна прыцягнуць Пуціна да асабістай адказнасці за злачынствы, учыненыя супраць украінцаў”, – канстатавала выданне.

Група была створана для прыцягнення расейскіх уладаў, а таксама іх саюзнікаў у Беларусі, Паўночнай Карэі і Іране, да адказнасці за злачынствы, якія вызначаюцца як агрэсія ў адпаведнасці з міжнародным правам, якая парушае суверэнітэт іншай краіны і не ініцыюецца ў парадку самаабароны.

Як паведамілі дасведчаныя крыніцы выдання, рашэнне будзе абвешчана ў панядзелак у электронным лісце супрацоўнікам і чальцам Еўраюста.