BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЗША запросяць Польшчу на саміт G20 у Фларыдзе

Злучаныя Штаты Амерыкі плануюць запрасіць Польшчу на саміт G20, які адбудзецца ў снежні наступнага года ў Маямі. Пра гэта паведамляецца ў заяве дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа з нагоды пераходу старшынства ў “дваццатцы” да Вашынгтона.

Рубіа адзначыў, што ЗША маюць намер прывітаць на сустрэчы не толькі найбуйнейшыя эканомікі свету, але і «растучых партнёраў і саюзнікаў». Асобна ён падкрэсліў, што Польшча, якая «калісьці знаходзілася за жалезнай заслонай, а цяпер уваходзіць у дваццатку найбуйнейшых эканомік свету», зойме за сталом G20 «сваё законнае месца». Паводле яго слоў, поспех Польшчы сведчыць пра карысць супрацоўніцтва з ЗША і арыентацыю на развіццё.

Саміт G20, які пройдзе ў Маямі, будзе прымеркаваны да 250-годдзя ЗША.

Рубіо таксама абазначыў асноўныя прыярытэты амерыканскага старшынства ў групе. Паводле яго, пад кіраўніцтвам прэзідэнта Дональда Трампа G20 будзе працаваць у рамках чатырох рабочых груп над трыма ключавымі тэмамі: зняцце рэгулятарнага цяжару, фарміраванне даступных і бяспечных энергетычных ланцужкоў паставак і развіццё новых тэхналогій і інавацый.