
Белы дом апублікаваў фотаздымкі Дональда Трампа і яго каманды, зробленыя ў Сітуацыйнай зале ў момант, калі здзяйсняўся ўдар па Іране.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвесціў, што ЗША атакавалі тры ядравыя аб’екты ў Іране — у Фардо, Натанзе і Ісфахане. Пра гэта ён напісаў у сацсетцы Truth Social, а пасля заявіў у відэазвароце. Па яго словах, на галоўны аб’ект, Фардо, «была скінута поўная загрузка» бомбаў.
«Мы завяршылі нашу вельмі паспяховую атаку на тры ядравыя аб’екты ў Іране», — гаворыцца ў допісе амерыканскага прэзідэнта.
Трамп дадаў, што амерыканскія самалёты ўжо знаходзяцца за межамі паветранай прасторы Ірана і вяртаюцца ў ЗША.
У наступным допісе Трамп заявіў, што гэта гістарычны момант ЗША, Ізраіля і ўсяго свету. «Цяпер Іран павінен пагадзіцца на спыненне вайны», — дадаў ён.
«40 гадоў яны крычалі «смерць» Амерыцы і Ізраілю, забівалі і забівалі, я даўно хацеў пакласці гэтаму канец, мы працавалі з Нетаньяху як адна каманда», — заявіў ён у звароце.
«Хуліган Блізкага Усходу павінен заключыць мір — неадкладна».
«Гэта будзе альбо мір, альбо трагедыя для Ірана. Засталося яшчэ мноства цэляў».
Трамп заклікаў іранскія ўлады да правядзення мірных перамоваў, папярэдзіўшы, што ў іншым разе наступныя ўдары могуць быць больш маштабнымі.
Паводле інфармацыі Axios, ЗША загадзя паведамілі Ізраілю пра падрыхтоўку да ўдараў па Іране. Адзін з высокапастаўленых ізраільскіх чыноўнікаў паведаміў выданню, што для ўдару былі выкарыстаны бамбардзіроўшчыкі B-2.
У Іране неўзабаве пацвердзілі, што аб’екты ў Фардо, Натанзе і Ісфахане былі атакаваны. Іран спрабуе зняпраўдзіць, што аб’екты знішчаны.
Для ўдару па ядравым аб’екце ў Фардо ЗША выкарысталі шэсць процібункерных бомбаў. З такім сцвярджэннем выступіў карэспандэнт Fox News Шон Хэніці, які сцвярджае, што размаўляў па тэлефоне з Трампам. Па аб’ектах у Натанзе і Ісфахане былі запушчаны 30 ракет «Тамагаўк» з падводных лодак, дадаў ён.
Марк Кімміт, была намеснік памочніка міністра абароны ЗША па Блізкім Усходзе, у інтэрв’ю BBC News заявіў, што нягледзячы на відавочны факт “істотнага удару” ЗША па ядравых аб’ектах Ірана, для пацверджання маштабаў стратаў па-ранейшаму патрэбныя афіцыйныя ацэны.
Незалежнага пацверджання маштабаў разбурэнняў, прычыненых ударамі, раніцай у нядзелю не было.
Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньяху вітаў рашэнне прэзідэнта Трампа, які, паводле яго слоў, «зрабіў дзеянні, каб пазбавіць сама небяспечны рэжым у свеце сама небяспечнай зброі».
Пастаяннае прадстаўніцтва Ірана пры ААН запрасіла экстраннае паседжанне Рады бяспекі арганізацыі ў звязку з атакамі ЗША на ядравыя аб’екты Тэгерана.






