У наступным годзе Уладзіславу Ахроменку магло б споўніцца 60 гадоў. 9 лістапада 2018 года яго не стала ў росквіце творчых сіл. Уладзіслаў быў таленавіты ва ўсім – пісьменнік, музыка, журналіст, даследчык гісторыі, грамадскі дзеяч. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе фартэпіяна, але выбраў лёс беларускага пісьменніка. Шэраг кніг ён напісаў у сааўтарстве з сябрам Максімам Клімковічам. Не завершаным застаўся раман «Нясвіжская крыза», над якім яны разам працавалі апошнім часам.
Нарадзіўся Уладзіслаў у Гомелі і праз усё жыццё пранёс любоў да гэтага горада. У сталым узросце пасяліўся ў Чарнігаве, зрабіўшы Украіну сваёй другой радзімай, якую бараніў на Майдане і ў АТО. Уладзіслаў быў аўтарам унікальных матэрыялаў з архіваў украінскага Камітэта дзяржбяспекі, якія ён рыхтаваў для нашага радыё.







