Гала-канцэрт Аб’яднання “АБ-БА”, што адбыўся 16 чэрвеня ў Беластоцкім Тэатры Лялек, завяршыў навучальны год і прадставіў вынікі творчай працы гурткоў, дзе дзеці вывучаюць беларускую мову і культуру. Спевы, тэатральныя пастаноўкі, святочная атмасфера — усё гэта засведчыла: супольнасць Падляшша працягвае традыцыю і падтрымлівае беларускую ідэнтычнасць у рэгіёне.
Аднак за кулісамі гучалі і іншыя тэмы. Прысутнасць новых беларусаў, што пераехалі ў Польшчу апошнімі гадамі, узняла пытанне: ці адчуваюць яны сябе часткай гэтай прасторы? Якое месца для іх ва ўжо сфармаваных структурах? Гучала занепакоенасць: дзеці размаўляюць па-беларуску на занятках, але дома — ужо пераважна па-польску. Абмяркоўвалі і будучыню самой “АБ-БА”, дый лёс раней ініцыяванай петыцыі. Усё гэта сведчыць: мова — гэта не толькі спадчына, якую трэба берагчы, але і выклік, на які сучасныя беларусы мусяць адказваць разам.






