BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

100-ы гол Хесуса Імаса за «Ягелонію»!

Хесус Імас

Хесус Імас

Польская футбольная экстра-класа набірае разгон. На выходных працягваліся матчы 7-га тура. «Тэрмаліка» (Няцеча) саступіла «Кароне» з Кельцаў – 1:3. «Гурнік» (Забжэ) таксама на сваім полі прайграў люблінскаму «Матору» – 0:1.

Беластоцкая «Ягелонія» прымала на сваім стадыёне аўтсайдара – гданьскую «Лехію» і дамаглася чаканага – 2:0. Эфектнымі галамі адзначыліся ў першым тайме Дымітрыс Райліс і Хесус Імаз. Прычым у іспанскага форварда гэта быў юбілейны 100-ы гол у «пчаліных» барвах беластоцкага клуба.

Познаньскі «Лех» перамог «Відзэў» з Лодзі – 2:1, «Краковія» – варшаўскую «Легію» з такім жа лікам. Шчэцінская «Пагоня» засмуціла чэнсахоўскі «Ракуў» – 2:0.

На вяршыні табліцы пакуль з 16 ачкамі застаецца плоцкая «Вісла», якая пацярпела ў гэтым туры першую паразу. Яе пераследуюць «Краковія» – 14, «Гурнік» і «Ягелонія» – па 12, аднак у беластачанаў яшчэ 2 гульні ў запасе.

Баскетбольны мужчынскі Еўра: фаварыты робяць заяўкі

У чатырох краінах Еўропы – Кіпры, Фінляндыі, Польшчы і Латвіі праходзіць 42-і чэмпіянат кантыненту па баскетболе сярод мужчын. 24 лепшыя еўрапейскія дружыны падзелены на 4 групы, адпаведна мацнейшыя чатыры з кожнага сэкстэту выйдуць у плэй-оф. Бульдозерам па суперніках у групе B едзе зборная Германіі, якая перамагла ва ўсіх трох сустрэчах і ў кожнай набрала больш 100 ачкоў. У апошняй немцы ўпэўнена адолелі зборную Літвы – 107:88. У каманды Рымаса Курцінайціса дзве вікторыі ў трох матчах. Без стратаў гуляе ў гэтай кампаніі Фінляндыя – 6 ачкоў.

У групе А лідзіруюць Сербія, якая не без праблем узяла верх над Латвіяй – 84:80 і Турцыя – яны маюць па тры вікторыі. У пульцы С аднаасобна з трыма перамогамі наперадзе Грэцыя.

У групе D Ізраіль у прынцыповым паядынку прыпыніў Францыю – 82:69, абедзве дружыны зараз маюць па два выйгрышы. А аднаасобна лідарам стала Польшча – «бялэ-чэрвоныя» на родным паркеце ў Катавіцэ зноў перамаглі – на гэты раз Ісляндыю – 84:75.

Жаночы валейбольны чэмпіянат свету: пара чвэрцьфіналаў

У далёкім ад нас Тайляндзе працягваецца чэмпіянат свету па валейболе сярод жанчын. На выходных прайшлі чатыры сустрэчы 1/8-й фіналу. Былі зафіксаваныя такія вынікі: Італія досыць упэўнена адолела Германію – 3:0. Каманда Польшчы ў драматычным змаганні перамагла зборную Бельгіі – 3:2, лік па сетах 25:27, 25:20, 25:17, 22:25, 15:10. Францыя за чатыры партыі давяла сваю перавагу над Кітаем – 3:1. Бразільянкі, саступіўшы ў першым сеце дзяўчатам з Дамініканскай Рэспублікі, дамагліся ўрэшце валявой вікторыі – 3:1.

Ужо вядомыя тры пары чвэрцьфіналістаў: Нідэрлянды сустрэнуцца з Японіяй, Італія з Польшчай, Францыя з Бразіліяй.

Сёння пройдуць яшчэ два спаборы: ЗША – Канада і Турцыя – Славенія – пераможцы двубояў складуць апошнюю пару.

«МЛ» усё бліжэй да чэмпіёнства

У чэмпіянаце Беларусі па футболе завяршыўся 20 тур. Ён прынёс наступныя вынікі: «Смаргонь» прымала лідара – віцебскі «МЛ», бальшыню матча гаспадары гралі ў бальшыні з-за выдалення гульца супернікаў, але ўсё ж саступілі 0:1. Мазырская «Славія» адолела ФК «Слуцк» – 2:0, голавым дублем тут вызначыўся Андрэй Салавей, у якога стала 12 забітых мячоў. Больш толькі ў Аляксандра Шасцюка з «Іслачы» – 15. Барысаўскі БАТЭ быў наперадзе ў спаборы з менскім «Дынамам» – 2:0, але ўпусціў перамогу – выніковыя 2:2. Жодзінскае «Тарпеда» узяло верх над берасцейскімі дынамаўцамі – 2:0.

Чарговы матч гарадзенскага «Нёмана» – на гэты раз з дзяржынскім «Арсеналам» – перанесены. У футбалістаў з берагоў Нёмана назапасілася ўжо 5 адкладзеных гульняў.

У турнірнай табліцы наперадзе з вялізным адрывам па-ранейшаму «МЛ» (Віцебск) – 52 ачкі, далей ідуць «Славія» – 41 пункт, менскае «Дынама» – 36, «Іслач» – 35.

US Open: Асноўныя прэтэндэнты пацвярджаюць свой статус

На адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе абыходзіцца без асаблівых сенсацый. Усе мацнейшыя прайшлі ў 1/8-ю фінала. У мужчынскім адзіночным разрадзе прэтэндэнтамі на трыумф ёсць італьянец Янік Сінэр (першая ракетка свету), іспанец Карлас Алькарас (2-і нумар рэйтынгу), працягваюць таксама выступаць амерыканец Тэйлар Фрыц (4-я ракетка), серб Новак Джокавіч (7-я), аўстраліец Алекс дэ Мінаўр (8-я), італьянец Ларэнца Музетці (10-я).

У жанчын сярод 16-ці мацнейшых таксама знаёмыя ўсё твары. На гэтай стадыі выступяць Арына Сабаленка (першая ракетка WTA), полька Іга Свёнтэк (2-я ракетка свету), амерыканкі Коры Гаўф (3-я), Джэсіка Пегула (4-я) і Аманда Анісімава (8-я). Сярод іншых варта адзначыць поспех украінкі Марты Касцюк (27-й ракеткі), якая ў 1/8-й фіналу сустрэнецца з чэшкай Каралінай Мухавай (11-м нумарам рэйтынгу).

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя