
16 краін адмовіліся ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў. «Удзячны за салідарнасць партнёраў, якая дакладна дае зразумець: спорт павінен быць за мір, справядлівасць і павагу міжнароднага права. Я таксама ўдзячны Эстоніі, Фінляндыі, Ісландыі, Латвіі, Літве, Польшчы, Румыніі і Швецыі за заяву, у якой асуджаецца ганебнае рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта.
Дазвол на дэманстрацыю дзяржаўных сімвалаў Расеі і Беларусі падрывае міжнародныя намаганні па ізаляцыі гэтых рэжымаў на фоне агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, якая працягваецца, і застаецца непрымальнай», – напісаў Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Цырымонію адкрыцця Паралімпіяды-2026 у Вероне байкатавалі: Украіна, Польшча, Чэхія, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Нідэрланды, Харватыя, Германія, Літва, Канада, Аўстрыя, Румынія, Вялікабрытанія, а таксама Аўстралія.
Паралімпійскія гульні працягнуцца з 6 па 15 сакавіка.
На старты ў лыжных гонках Паралімпіяды выйдуць чацвёра беларускіх спартоўцаў — Валянціна Бірыла, Лідзія Лобан, Дар’я Фядзьковіч і Раман Свірыдзенка.
Першыя старты ў спрынце класічным стылем беларускія атлеты правядуць на XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях 10 сакавіка.
Гонкі з раздзельным стартам класічным стылем на 10 км адбудуцца 11 сакавіка, 14 сакавіка — эстафеты, а 15 сакавіка пройдуць гонкі з раздзельным стартам свабодным стылем на 20 км.
У XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях прымуць удзел больш за 600 атлетаў, якія разыграюць 79 камплектаў узнагарод па шасці відах спорту.
Ад мінулай Паралімпіяды ў 2022 годзе беларускія атлеты разам з расейскімі былі адхіленыя з-за поўнамаштабнага нападу на Украіну.
На Парампіядзе-2018 беларусы заваявалі 12 медалёў (4+4+4), гэтыя Гульні сталі для Беларусі самымі паспяховымі.
Моладзевыя валейбольныя зборныя Беларусі зноў атрымалі магчымасць удзельнічаць у міжнародных турнірах. Такое рашэнне прыняла Адміністрацыйная рада Еўрапейскай канфедэрацыі валейболу падчас анлайн-пасяджэння 3 сакавіка.
Рашэнне дазваляе юніёрскім камандам з Беларусі і Расеі выступаць на моладзевых спаборніцтвах пад эгідай гэтай арганізацыі.
Гэта звязана з рашэннем Міжнароднай федэрацыі валейболу, прынятым у снежні 2025 года паводле рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта. Згодна з ім, юныя спартоўцы не павінны быць адхіленыя ад міжнародных моладзевых турніраў.
Новае правіла дзеіць з 1 студзеня 2026 года і распаўсюджваецца на спаборніцтвы, якія праводзіць Еўрапейская канфедэрацыя валейболу. Дакладныя ўмовы і практычны парадак удзелу каманд яшчэ будуць удакладняцца.
А тым часам беларускую рэгбістку Марыю Шакура асудзілі за так званае «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Спартоўцы прысудзілі хатнюю хімію.
Шакура была капітанам зборнай Беларусі. Станавілася бронзавай прызёркай чэмпіяната Еўропы па пляжным рэгбі у 2017 годзе.
Адзначым, што ў 2020 годзе спартоўку ўжо засуджвалі на 10 содняў.
35-гадовая спартоўка, акрамя заняткаў спортам, адначасна працавала на мэблевай вытворчасці.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» прайграў «Атаве» з лікам 1:4.
У прайграўшых 27-гадовы беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў на лёд на левым фланзе трэцяга звяна.
На 17-й хвіліне Шаранговіч удала пазмагаўся ў чужой зоне і запісаў у свой актыў галявы пас. У гэтай камбінацыі фінальную кропку паставіў Марцін Паспішыл.
У бягучым сезоне НХЛ Шаранговіч прыняў удзел у 56 матчах, у якіх набраў 22 ачкі па сістэме «гол+пас» (12 закінутых шайбаў і 10 выніковых перадач). Яго паказчык карыснасці складае «-19», таксама ён зарабіў восем хвілін штрафнога часу.
«Пітсбург» Іллі Салаўёва саступіў «Бафала» з лікам 1:5. Беларус у зяўку не патрапіў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора быў згуляны першы матч другой пары стадыі плэй-ін.
«Брэст» прымаў «Гомель» і прайграў таму ў овертайме з лікам 3:4.
Лік у серыі 0:1. Наступная гульня ў Гомелі. Серыя доўжыцца да дзьвух перамог.
У матчы 20-га тура другога дывізіёна чэмпіянату Даніі па футболе «Кольдынг» здабыў хатнюю перамогу над «Хобра» з лікам 2:1.
Беларускі форвард Уладзіслаў Марозаў правёў на полі ўвесь матч і агадаў браму суперніка на 65-й хвіліне паядынку.
Усяго ў бягучым сезоне за дацкі клуб Марозаў правёў 12 матчаў, запісаўшы на свой рахунак 3 галы і 2 галявыя перадачы (3+2).
Пасля 20 тураў «Кольдынг» з 29 ачкамі займае ў турнірнай табліцы Д2 Даніі 6-е месца.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






