Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос назваў 24 футбалісты, якія будуць выкліканы на чэрвеньскі збор каманды.

У чэрвені каманда правядзе таварыскія матчы супраць Расеі і Ізраіля. У спіс трапілі абаронцы Сяргей Карповіч і Ягор Пархоменка з гарадзенскага «Нёмана» і абаронца Максім Касараб ды нападнік Герман Баркоўскі з берасцейскага «Дынама». Адзначым адсутнасць у канчатковай заяўцы форварда «Кароны» (Кельцэ) Яўгена Шыкаўкі. Ён быў уключаны ў пашыраны спіс. Нагадаем, што Захар Волкаў, Уладзіслаў Малькевіч, Уладзіслаў Клімовіч, Яўген Яблонскі з’яўляюцца падпісантамі за рэжым.
Хары Кейн па выніках сезона ў еўрапейскіх лігах стаў уладальнікам “Залатой буцы”
Форвард мюнхенскай «Баварыі» Хары Кейн пасля апошніх матчаў у чэмпіянатах Італіі і Іспаніі афіцыйна прымерыў тытул найлепшага бамбардзіра еўрапейскіх чэмпіянатаў.
Такім чынам, ангелец упершыню ў кар’еры становіцца ўладальнікам Залатой буцы. Кейн завяршыў дэбютны сезон з 36 галамі ў чэмпіянаце Германіі. Яго найбліжэйшым пераследнікам стаў форвард «Штутгарта» Серу Гірасі (28 забітых мячоў). На трэцім радку форвард «ПСЖ» Кіліян Мбапэ, які забіў 27 галоў.
“Цытадэль” стала першым чэмпіёнам жаночай лігі Беларусі па хакеі
На лёдзе сталічнай “Алімпік Арэны” завяршылася фінальная серыя першага ў гісторыі чэмпіянату Беларусі па хакеі сярод жаночых каманд. Нацыянальнае чэмпіёнства ў серыі да дзвюх перамог разыгрывалі “Цытадэль” і “Бярэзіна”. Стартавы матч фіналу скончыўся перамогай “Цытадэлі” ў авертайме з лікам 2:1, у другім паядынку напярэдадні мацней былі ўжо хакеісткі “Бярэзіны” – 3:0. За імі ж застаўся і пачатак вырашальнай трэцяй гульні, лік у якой на 11-й хвіліне ў меншасці адкрыла Аляксандра Войтава. Адыграцца падначаленым Лідзіі Маляўкі ўдалося ў сярэдзіне другога перыяду, калі вызначылася Таццяна Хворастава. У заключным гульнявым адрэзку Хваростава аформіла дубль, таксама адзначылася Аляксандра Пыркова. У выніку 3:1 – “Цытадэль” становіцца першым чэмпіёнам Беларусі па хакеі сярод дзяўчат. Усяго ў дэбютным розыгрышы жаночай хакейнай лігі прынялі ўдзел тры калектывы.
“Рэйджэрс” абыграў “Фларыду” і выйшаў наперад у паўфінальнай серыі Кубка Стэнлі
“Рэйджэрс” у гасцях быў мацней за “Фларыду” 5:4 у авертайме і зрабіў лік у серыі Кубка Стэнлі 2:1. Пераможную шайбу ў авертайме аформіў Аляксандр Венберг. У іншай паўфінальнай пары адносіны высвятляюць “Далас” і “Эдмантан”.
Славенскі велагоншчык Пагачар стаў пераможцам Джыра д’Італія
На дарогах Італіі завяршылася адна з самых прэстыжных веласіпедных гонак на шашы ў календары сусветнага тура UCI – Джыра д’Італія. У нядзелю гоншчыкаў чакаў спрынтарскі этап на 125 км са стартам і завяршэннем у Рыме, раней за ўсіх фінішную рысу перасёк бельгіец Цім Мерлір. Перамогу ў агульным заліку шматдзёнкі святкаваў славенец Тадэй Пагачар, які захапіў лідарства ў гонцы яшчэ на другім этапе 5 траўня і з таго часу не раставаўся з ружовай майкай лідара генеральнай класіфікацыі. Па выніках 21 этапа перавага славенскага веласіпедыста над бліжэйшым пераследнікам склала амаль дзесяць хвілін. Усяго на Джыра-2024 Пагачар выйграў шэсць этапаў, а выніковы поспех на галоўнай італьянскай шматдзёнцы стаў для 25-гадовага славенца і двухразовага чэмпіёна Тур дэ Франс першым у кар’еры.
32-гадовая Лешчанка блізкая да завяршэння кар’еры
32-гадовая беларуская біятланістка Ірына Лешчанка (Крыўко) блізкая да завяршэння кар’еры. Пра гэта паведаміў трэнер каманды Раман Малуха. У сезоне-2017/18 нараджэнка горада Сянно заняла другое месца ў мас-старце на этапе Кубка свету ў Ансі. На Алімпіядзе-2018 яна заваявала залаты медаль у эстафеце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sport5.by