
У Паўночнай Амерыцы, на стадыёнах ЗША і Канады, завярышыўся 18-ы розыгрыш Залатога кубка КОНКАКАФ па футболе. У фінальным матчы дзейны чэмпіён – зборная Мексікі перамагла каманду ЗША з лікам 2:1.
Гульня адбылася ў Х’юстане на стадыёне Reliant Stadium. Мексіканцы здабылі другую запар і агулам сваю 13-ю перамогу на турніры. Гэта новы рэкорд. На другім месцы амерыканцы, якія выйгравалі яго 7 разоў.
Аўтар аднаго з галоў нападнік зборнай Мексікі Рауль Хіменес прысвяціў яго Дыёгу Жоту.
Хіменес адсвяткаваў забіты на 27-й хвіліне мяч у стылі Дыёгу, імітуючы гульню на геймпадзе і з футболкай зборнай Мексікі з 20-м нумарам і прозвішчам Жоты на спіне. Хіменес і Жота гулялі разам за «Вулверхэмптан» з 2018 па 2020 гады. Дыёгу і яго брат Андрэ Сілва загінулі ў ДТЗ 3 ліпеня. Цырымонія пахавання прайшла 5 ліпеня ў партугальскім горадзе Гандамар.
Таксама ў аснове мексіканскай нацыянальнай каманды на гэтую гульню выйшаў левы паўабаронца Хільберта Мора. Ён стаў самым маладым гульцом у гісторыі, які згуляў у фінале міжнароднага турніру зборных, зрабіўшы гэта ва ўзросце 16 гадоў і 265 дзён.
Мора апярэдзіў гішпанца Ламіна Ямаля (17 гадоў і 1 дзень) і бразільца Пеле па гэтым паказчыку (17 гадоў і 249 дзён). Хільберта выступае за мексіканскую «Ціхуану». У мінулым сезоне ён забіў 2 галы і аддаў 1 асіст у 30 матчах.
У працяг тэмы маладых футбалістаў. На падыходзе яшчэ адзін беларускі гулец у польскай экстракласе. Абаронца Арцём Акатаў, які ў летняе трансфернае акно перайшоў у акадэмію люблінскага «Матора», дэбютаваў за польскі клуб у спарынгах з бухарэсцкім «Дынама» (3:3) і «Лехіяй» (5:3).
Раней 17-гадовы гулец выступаў за АБФФ U-19 у першай лізе чэмпіяната Беларусі.
Асноўная каманда «Матора» ў сезоне-2024/25 фінішавала на сёмай пазіцыі ў польскай Экстракласе. «Матор II» выступае ў пятым па сіле дывізіёне Польшчы.
І ў працяг тэмы маладых спартсменаў. Гішпанскі тэнісіст Карлас Алькарас (ATP №2) выйшаў у 1/4 фіналу «Уімблдона», адолеўшы расейца Андрэя Рублёва (ATP №14) з лікам 6(5):7, 6:3, 6:4, 6:4.
Для 22-гадовага Алькараса гэта 12-ы чвэрцьфінал Grand Slam у кар’еры – ён стаў самым маладым тэнісістам, якому скарылася такое дасягненне.
Гішпанец пабіў рэкорд шведа Б’ёрна Борга, які выйшаў у 12-ы чвэрцьфінал у 1978 годзе, калі яму было 22 гады і 84 дні. Карлас апярэдзіў яго на 28 дзён.
У чвэрцьфінале ён згуляе з 61-й ракеткай брытанцам Кэмеранам Норы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






