Іспанскі цэнтральны абаронца Адрыян Дыегес зноў на газоне. Пасля цяжкай траўмы калена, атрыманай падчас зімовага збору ў Турцыі, футбаліст “Ягелоніі” вярнуўся да трэніровак з мячом. На сваёй старонцы ў сацсетках ён падзяліўся фота з надпісам «Крок за крокам». Клуб з Беластока быў вымушаны тэрмінова падпісаць замену – у арэнду з “Удзінэзэ” перайшоў Энца Эбосэ. Але ўжо ў сярэдзіне красавіка “Дума Падляшша” можа зноў разлічваць на Дыегеса, які мае за плячыма больш за 60 матчаў у жоўта-чырвоных колерах. Без яго “Ягелонія” паказала добры вынік і трымаецца на другой пазіцыі ў Экстракласе.
Протас абнавіў рэкорд, Шаранговіч і Калячонак без ачкоў
Аляксей Протас працягвае вырашаць за “Вашынгтон” — у матчы супраць “Вініпега” ён асіставаў Аляксандру Авечкіну і набраў ачкі ўжо пяты паядынак запар. Гэты бал стаў для яго 35-м у сезоне па перадачах — рэкордны паказчык для беларусаў у НХЛ, які раней належаў Уладзіміру Цыплакову. Усяго ў Протаса цяпер 64 ачкі (29+35) у 71 гульні. Ягор Шаранговіч, хоць і правёў 15 хвілін на лёдзе ў пераможнай гульні “Калгары” супраць “Сіэтла” (4:3 у авертайме), выніковымі дзеяннямі не адзначыўся. Уладзіслаў Калячонок згуляў 15 хвілін за “Пітсбург”, але каманда буйна прайграла “Тампе-Бэй” — 1:6. Беларус не набраў ачкоў. А вось брамнік Аляксей Коласаў не трапіў у заяўку “Філадэльфіі” на матч супраць “Таронта”, дзе яго каманда прапусціла сем шайбаў.
«Зубры» адкрываюць плэй-оф на сваёй пляцоўцы: старт серыі супраць ЦСКА
Хакеісты менскага «Дынама» сёння распачынаюць барацьбу ў плэй-оф Кубка Гагарына. У першым раўндзе яны сустрэнуцца з маскоўскім ЦСКА. Пачатак супрацьстаяння — на «Мінск-Арэне» а 19:30. Сезон стаў гістарычным для «зуброў» — каманда заняла 4-е месца ў Заходняй канферэнцыі, паказала найлепшы вынік за ўсе 17 гадоў у КХЛ і ўсталявала клубныя рэкорды па перамогах, шайбах і эфектыўнасці. У «рэгулярцы» менчукі чатыры разы перамаглі ЦСКА. Гэта ўжо дзевятая спроба «Дынама» пераадолець першы раунд плэй-оф — пакуль безвынікова.
Сабаленка дайшла да паўфіналу ў Маямі
Арына Сабаленка працягвае пераможную серыю на прэстыжным турніры ў ЗША. У Маямі яна ўпэўнена перамагла кітайскую суперніцу Чжэн Цыньвэнь — 6:2, 7:5 — і выйшла ў паўфінал спаборніцтва WTA-1000 з прызавым фондам амаль 9 мільёнаў даляраў. У паядынку за выхад у фінал беларуска сустрэнецца з Ясмін Пааліні з Італіі. Раней на гэтым турніры Арына ўжо выбіла з барацьбы Вікторыю Томаву, Елену-Габрыэлу Руза і мінулую чэмпіёнку Дэніэл Колінз. Фінал пройдзе 30 сакавіка.
Чэмпіёны свету гарантавалі сабе месца на наступным мундыялі
Зборная Аргенціны афіцыйна кваліфікавалася на чэмпіянат свету 2026 года, які пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. Дзеючыя чэмпіёны атрымалі пуцёўку пасля таго, як Балівія страціла ачкі ў матчы з Уругваем. Апроч таго, аргенцінцы гучна адзначылі поспех — яны разграмілі зборную Бразіліі з лікам 4:1. Гэтая перамога стала гістарычнай: упершыню за 62 гады “альбіселестэ” перамаглі “пентакампеонаў” у афіцыйнай сустрэчы з розніцай у тры мячы. Галы ў складзе Аргенціны забівалі Альварэс, Фернандэс, Мак Алістэр і Сімеоне.
Беларускае Радыё Рацыя






