Як паведамляе «Белорусский футбол», АБФФ накіравала хадайніцтва ў УЕФА аб дазволе правядзення таварыскіх матчаў зборнай на тэрыторыі Беларусі.
На сакавік і чэрвень 2024 года запланаваны шэраг таварыскіх сустрэч зборнай Беларусі. З-за ўмоў надвор’я сакавіцкія гульні зборная правядзе на выездзе, а чэрвеньскія – у Беларусі (пры ўмове, што УЕФА ўхваліць просьбу). Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць хатнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Зборная Беларусі па пляжным футболе перамагла “Краснадар-ЮМР” у Санкт-Пецярбургу
Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна завяршыла вучэбна-трэніровачны збор у Санкт-Пецярбургу. У апошнім спарынгу адыходзячага года беларускія падначаленыя іспанскага трэнера Нікаласа Альварада святкавалі валявую вікторыю над клубам “Краснадар-ЮМР” з лікам 4:1. У складзе пераможцаў вызначыліся Мікіта Чайкоўскі, Анатоль Рабко, Павел Стаскевіч і Вадзім Бокач. У гэтай гульні Альварада давялося быць удвая ўважлівым, бо з нядаўніх часоў ён сумяшчае працу ў зборнай Беларусі і краснадарскім клубе. Для беларускай каманды сёлетні збор стаў першым этапам падрыхтоўкі да галоўнага турніру новага сезону – чэмпіянату свету па пляжным футболе, які пройдзе ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з 15 па 25 лютага 2024 года. На першым этапе фінальнай стадыі 12-га планетарнага форуму зборная Беларусі выступіць у групе С, дзе яе апанентамі будуць каманды Калумбіі, Японіі і Сенегала. Беларусы трэці раз запар выступяць на планетарным форуме, пакуль ім не ўдавалася прабіцца ў плэй-оф.
Бразільскі “Флумінэнсэ” выйшаў у фінал клубнага ЧС па футболе
Футбалісты бразільскага “Флумінэнсэ” сталі першымі фіналістамі клубнага чэмпіянату свету, які праходзіць у Саудаўскай Аравіі.
У першым паўфінальным матчы ўладальнікі Кубка Лібертадорэс выйгралі ў пераможцы афрыканскай Лігі чэмпіёнаў егіпецкага “Аль-Ахлі” з лікам 2:0. Абодва галы былі забітыя ў другім тайме – на 71-й хвіліне Джон Арыас рэалізаваў пенальці, а яшчэ праз 20 хвілін вызначыўся Джон Кэнэдзі. У чвэрцьфінале егіпцяне абыгралі гаспадароў турніру футбалістаў “Аль-Ітыхад” – 3:1. Супернік “Флумінэнсэ” па вырашальным паядынку стане вядомы сёння пасля другога паўфіналу, у якім трыумфатар еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў англійскі “Манчэстэр Сіці” сустрэнецца з японскай камандай “Урава Рэд Дайманд”. Лепшы клуб Азіі ў 1/4 фіналу перамог мексіканскі “Леон” з лікам 1:0.
Пераможцы паўфінальных гульняў 22 снежня ў Джыдзе сыдуцца ў фінальным паядынку за галоўны прыз 20-га клубнага Чэмпіянату свету.
У мінулым сезоне гэты турнір пяты раз у гісторыі выйграў мадрыдскі “Рэал”, які перамог у фінале саудаўскі “Аль-Хіляль” – 5:3.
Хакеісты менскага “Дынама” вяртаюцца ў гульню пасля міжнароднай паўзы
Хакеісты менскага “Дынама” сёння адновяць выступы ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Сезон КХЛ аднаўляецца ўсяго праз два дні пасля заканчэння Кубка Першага канала, на якім колеры зборнай Беларусі абараняў тузін менскіх дынамаўцаў. Здаровымі з Санкт-Пецярбурга вярнуліся не ўсе: нападнік сталічнага клуба Віталь Пінчук зламаў на турніры руку і выбыў са складу на месяц. Першы паядынак пасля вяртання “зубры” правядуць на хатнім лёдзе супраць падмаскоўнага “Віцязя”. На гэты момант падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага замыкаюць васьмёрку лепшых каманд сваёй канферэнцыі: да спынення сезону мінчане згулялі ў рэгулярным чэмпіянаце 38 матчаў, у якіх набралі 38 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя