У Доме футбола ў Менску адбылося лёсаванне пераходных матчаў за права ўдзелу ў Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе ў 2026 годзе. Нагадаем, за права выступаць у турніры будуць змагацца каманды «Смаргонь» і бабруйская «Белшына» з другога дывізіёна. Па выніках лёсавання гаспадаром першай сустрэчы стане «Смаргонь». Паядынкі пройдуць 3 і 6 снежня.

А сёння АБФФ правядзе цырымонію закрыцця футбольнага сезона, у рамках якой будуць падведзеныя вынікі, а таксама ўручаныя ўзнагароды як у камандных, так і ў індывідуальных намінацыях. Кульмінацыяй стане вызначэнне найлепшага футбаліста Беларусі і лепшага трэнера краіны.
Былі згуляныя матчы рэгулярнага чэмпіяната Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў. «Вашынгтон» у гасцях адолеў «Айлендэрс» з лікам 4:1. Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас пачынаў сустрэчу ў другім звяне з Джасцінам Сурдыфам і Томам Уілсанам і закінуў у пустую браму ў самым канцы сустрэчы. Гэтая шайба стала для беларуса 50-й у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. Протас правёў на лёдзе 21:19 хв (з іх 2:43 у меншасці) (22 змены), выканаў 1 кідок у створ брамкі, ужыў 1 сілавы прыём і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «+2». За 26 гульняў цяперашняга сезону НХЛ Аляксей зарабіў 16 (7+9) выніковых балаў пры 4 хвілінах штрафу і карыснасці «+19».
«Чыкага» абыграў «Анахайм» з лікам 5:3. У складзе «Чыкага» 20-гадовы беларускі абаронца Арцём Леўшуноў выйшаў у другой пары абароны разам з Уайатам Кайзерам. На 32-й хвіліне Леўшуноў у большасці набраў асістэнцкі бал. Лeўшуноў правёў на лёдзе 15 хвілін 21 секунду, уключаючы 4:38 хв у большасці, набраў 1 (0+1) ачко, выканаў 1 кідок у створ і 3 кідкі міма варот, адзначыўся 2 стратамі і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-2». У гэтым сезоне абаронца згуляў 24 матчы, набраў 13 (1+12) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-2» і 16 штрафных хвілін.
«Далас» Уладзіслава Калячонка разграміў «Атаву» з лікам 6:1. Але беларус не патрапіў у заяўку на матч. «Калгары» Ягора Шаранговіча саступіў «Караліне» ў овертайме з лікам 0:1. Беларус правёў на лёдзе 16:06 хв (з іх 0:14 хв у большасці і 0:38 хв у меншасці), нанёс 1 кідок міма варот, ужыў 1 сілавы прыём, здзейсніў 1 перахоп і 2 страты, і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
У бягучым сезоне Шаранговіч правёў 23 гульні, набраў 7 (3+4) ачкоў і мае паказчык карыснасці «-8».
А вось Протас-малодшы – Ілля перапыніў сваю вынiковую серыю з 7 матчаў у АХЛ. Яго «Хершы» ў матчы рэгулярнага чэмпіянату саступіў «Лавал Рокет» з лікам 3:4. 19-гадовы беларускі форвард выйшаў у цэнтры першага звяна і не набраў вынiковых балаў. Ён атрымаў 2 хвіліны штрафу і скончыў матч з карыснасцю «0». Усяго ў яго 19 матчаў і 19 (10+9) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+5». Ілля Протас з’яўляецца найлепшым бамбардзірам і снайперам сваёй каманды.
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай Экстралігі былі згуляныя матчы 30 тура. Менскае «Юнацтва» перайграла баранавіцкі «Авіятар» з лікам 6:2. «Магілёў» з лікам 2:5 саступіў «Лідзе». Наваполацкі «Хімік» з лікам 8:2 разграміў аршанскі «Лакаматыў». Салігорскі «Шахцёр» таксама з буйным лікам 1:7 прайграў смаленскаму «Славуцічу». Гарадзенскі «Нёман» з лікам 2:1 перайграў «Дынама-Маладэчна». «Брэст» з такім самым лікам 2:1, але толькі ў овертайме быў мацнейшы за жлобінскі «Металург». І «Гомель» з лікам 2:3 саступіў «Віцебску».
Пасля трох дзясяткаў тураў у турнірнай табліцы на першым радку па-ранейшаму ідзе «Юнацтва», у яго 54 ачкі. На другім месцы з 45 ачкамі размясцілася «Ліда». І з 43 ачкамі трэцім ідзе «Дынама-Маладэчна».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя





