BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Абвешчаны крытэрыі ўдзелу беларусаў у Алімпіядзе-2026

У прэс-рэлізе МАК указана, што спартоўцы з Беларусі і Расеі змогуць спаборнічаць у Зімовай Алімпіядзе — 2026 у нейтральным статусе — на тых жа ўмовах, што і на летніх Гульнях-2024, якія праходзілі ў Парыжы.

Гаворка ідзе толькі пра спартоўцаў, што прайшлі кваліфікацыю ў індывідуальных відах. Каманды па-ранейшаму адхілены, паведамляе Спорт Беларусі.

Атрымаць нейтральны статус змогуць спартоўцы, якія не звязаныя кантрактамі з вайсковамі органамі або службамі нацыянальнай бяспекі.

Паводле крытэраў, атлеты і члены персаналу таксама не будуць дапушчаны ў выпадку актыўнай падтрымкі ваенных дзеянняў.

Адзначаецца, што яны таксама павінны падпісаць умовы ўдзелу ў Гульнях, што прымяняюцца да ўсіх спартоўцаў. У дакуменце змяшчаецца абавязацельства паважаць Алімпійскую хартыю, уключаючы «міратворчую місію алімпійскага руху».

Пытаннем аб адпаведнасці расейцаў і беларусаў нейтральнаму статусу будзе займацца спецыяльная камісія. У яе склад увойдуць экс-сінхраністка і член МАК Ніколь Хеверц, былы баскетбаліст зборнай Гішпаніі і двухразовы чэмпіён НБА Паў Газоль і кіраўнік Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ.

Зімовая Алімпіяда-2026 пройдзе ў лютым наступнага года ў італьянскіх Мілане і Карціне д’Ампецы. На мінулай зімовай Алімпіядзе ў Пекіне ў 2022 годзе беларусы заваявалі два срэбры.

А тым часам беларускія спартоўцы займелі першую ліцэнзію на Алімпіяду-2026.
У Пекіне гэтымі днямі праходзіць алімпійская кваліфікацыя па фігурным катанні, у якой прымаюць удзел і беларускія спартоўцы, якія выступаюць у нейтральным статусе. Па выніках спаборніцтваў у жанчын Вікторыя Сафонава стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая здабыла пуцёўку на Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года.

У кароткай і адвольнай праграмах Вікторыя Сафонава сумарна набрала 181,91 бала, заняўшы чацвёртае месца.

Сафонава ўжо выступала на Алімпіядзе-2022 у Пекіне, заняўшы там 12-е месца.
Таксама на гэтых спаборніцтвах адабрацца на гульні спрабуе беларус Яўген Пузанаў.

У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе прысталічная «Іслач» згуляла ўнічыю 1:1 з «Гомелем».

«Віцебск» на сваім полі хоць і вёў у ліку 1:0, але саступіў менскаму «Дынама» 1:2.
Гарадзенскі «Нёман» пры аншлагу на сваім стадыёне здабыў валявую перамогу над лідарам чэмпіянату – віцебскім «МЛ» з лікам 3:1. Першымі забілі «букмекеры», на што тройчы галамі адказалі «алені».

Відаць па ўсім, у віцебскага «МЛ» нешта паламалася пасля таго, як футбалісты з’ездзілі ў Маскву на таварыскі матч са «Спартаком» і атрымалі там поўны мех галоў – паразу 0:5. Па вяртанні ў Беларусь «МЛ», які ўвесь чэмпіянат ішоў без паразаў, прайграе ўжо другую гульню запар. Тыдзень таму ад жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 0:1. А зараз ад «Нёмана».

У розыгрышы Першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе адзначым сінхронныя перамогі лідараў і асноўных прэтэндэнтаў на выхад у Вышку – магілёўскага «Дняпро» ды «Баранавічаў». Над «Астраўцом» – 2:1 і «Асіповічамі» – 2:0, адпаведна.

У польскай футбольнай Экстракласе глівіцкі «Пяст» беларускага форварда Германа Баркоўскага прайграў на выездзе радамскаму «Радамяку» з лікам 0:1. Герман выйшаў на поле на 66 хвіліне, калі каманда ўжо саступала, але нічым дапамагчы не змог.

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя матчы 6 тура рэгулярнага чэмпіянату.

«Магілёў» саступіў смаленскаму «Славуцічу» з лікам 2:5.
Наваполацкі «Хімік» прайграў жлобінскаму «Металургу» 1:4.
Салігорскі «Шахцёр» перамог аршанскі «Лакаматыў» з лікам 4:2.
Працягвае сваю рэкордную стартавую пераможную серыю «Ліда», якая і ў другі раз у Баранавічах перайграла «Авіятар». Гэтым разам з лікам 3:1.

Такім чынам пасля 6 тураў «Ліда» і менскае «Юнацтва» з 12 ачкамі дзеляць першы радок. Дарэчы, наступную гульню ў Лідзе ім акурат граць між сабою.

Вызначыліся першыя чвэрцьфіналісты чэмпіянату свету па валейболе, які праходзіць на Філіпінах.
Зборная Турцыі перайграла Нідэрланды з лікам 3:1 – 27:29, 25:23, 25:16, 25:19.
Зборная Польшчы з такім самым лікам 3:1 была мацнейшая за Канаду – 25:18, 23:25, 25:20, 25:14.

Менавіта Польша ды Турцыя пазмагаюца паміж сабою за выхад у паўфінал чэмпіянату свету.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя