У Швецыі ды Даніі учора, 9 траўня, стартаваў 88-ы чэмпіянат свету па хакеі. Некаторыя зборныя ўжо паспелі згуляць паміж сабою. Аўстрыя ў сталіцы Швецыі Стакгольме саступіла з мінімальным лікам 1:2 зборнай Фінляндыі. А Чэхія ў дацкім Хёрнінгу ў овертайме здолела перамагчы Швайцарыю з лікам 5:4. Акрамя Аўстрыі і Фінляндыі ў групе А выступаюць – Швецыя, Францыя, Латвія, Славенія, Канада ды Славакія. А ў групе Б акрамя Чэхіі ды Швейцарыі змагаюцца таксама зборныя ЗША, Германіі, Нарвегіі, Венгрыі, Казахстана і Даніі. З кожнай групы чатыры лепшыя каманды выйдуць у чвэрцьфінал. Чэмпіянат прадоўжыцца да 25 траўня. Нагадаем, што зборная Беларусі часова адхіленая ад удзелу у спаборніцтвах з-за саўдзелу кіраўніцтва дзяржавы ў расейска-украінскай вайне.
У другім матчы серыі другога раунда Кубка Стэнлі «Вашынгтон» абыграў «Караліну» (3:1). У складзе пераможцаў беларускі форвард Аляксей Протас гуляў у першым звяне. У канцы матча ён вызначыўся асістам. Аляксей згуляў 16 хвілін і 20 секундаў, набраў 1 (0+1) ачко, дапусціў 1 страту і зарабіў паказчык карыснасці «+1». У плэй-оф у актыве беларуса 3 гульні, 2 (1+1) ачкі, пры паказчыку карыснасці «+1». Наступны паядынак серыі адбудзецца 11 траўня. Усяго ў яго 4 (1+3) ачкі ў 7 матчах плэй-оф Кубка Стэнлі за кар’еру ў НХЛ. Па гэтым паказчыку Протас ужо абышоў Уладзіміра Цыплакова 3 (1+2) ачкі ў 18 матчах. Наперадзе Андрэй Касціцын 23 (14+9), Руслан Салей 16 (7+9) і Сяргей Касціцын 15 (4+11).
У пятніцу прайшлі два матчы 1/32 фіналу тэніснага турніру WTA 1000 у Рыме з удзелам беларусак. Вікторыя Азаранка згуляла з прадстаўніцай Польшчы Магдаленай Фрэнх. І саступіла той з лікам 0:2 (5:7, 4:6 па сэтах). Іншая беларуска Арына Сабаленка без асаблівага клопату разабралася з расейкай Анастасіяй Патапавай з лікам 2:0 (6:2, 6:2). Турнір, прызавы фонд якога складае крыху болей 6 000 000 еўра, працягнецца да 18 траўня. Арына Сабаленка ў 1/16 фінала згуляе ў нядзелю з 31 ракеткай сусветнага рэйтынгу амерыканкай Соф’яй Кенін.
Беларускі галкіпер сафійскага ЦСКА Фёдар Лапавухаў прынёс сваёй камандзе чарговую перамогу ў чэмпіянаце Балгарыі па футболе. Гэтым разам «армейцы» перамаглі «Боцеў» з лікам 3:0. Для Фёдара гэта трэцяя запар «сухая» гульня ў чэмпіянаце ў браме сваёй новай каманды.
Учора прайшоў шэраг матчаў 1/64 Кубка Беларусі па футболе. «Ураджайная» з Менскага раёна саступіла сталічным «Крумкачам» 0:2. «Друць» у Круглым перамагла «Горкі» 5:3. «Агра-Пелішча» ў Камянцы разграміла «Івацэвічы» 6:1. «Інфарм» Менск перамог «Камунальнік» Белаазёрск з лікам 6:3. Віцебскі «Газавік» перамог «Паставы» 3:1. А клуб «Масты» на сваім стадыёне перамог «Ашмяны» з лікам 5:1. Цікава, што на гульні прысутнічаў 1001 заўзятар. І гэта больш, чым двума днямі раней было на паўфінальнай гульні «Віцебск» – «Нёман».
Юрась Дзяшук, Беларускак Радыё Рацыя