BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сенсацыя ў Лізе чэмпіёнаў

Учора, 24 лютага, былі згуляныя першыя чатыры матчы ў адказ 1/16 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

Гішпанскі «Атлетыка» ў Мадрыдзе перайграў бельгійскі «Бруге» з лікам 4:1. Лік у першай сустрэчы быў 3:3.

Тут хет-трык у актыве Серлота, таксама забіў Кардоза, у гасцей вызначыўся абаронца Арданьес.
Першы гол на 23-й хвіліне форвард «матраснікаў» Аляксандр Серлот забіў з перадачы галкіпера Яна Облака.

Славенскі брамнік выбіў мяч са сваёй штрафной, а Серлот змог зачапіцца на чужой палове поля.
Мадрыдцы ў трэці раз запар выйшлі ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў – у кампаніі 2022/23 яны не змаглі пераадолець групавы этап.

Нямецкі «Баер» пасля выязной перамогі над грэцкім «Алімпіякасам» з лікам 2:0, гэтым разам у Леверкузене згуляў унічыю 0:0 і крочыць далей у 1/8 фіналу.

Ангельскі «Ньюкасл» пасля выязнога разгрому азербайджанскага «Карабаха» з лікам 6:1, цяпер у на сваёй арэне таксама быў мацнейшым. Гэтым разам з лікам 3:2 і «сарокі» праходзяць далей.
І самая галоўная сенсацыя ўчорашняга вечара – гэта матч італьянскага «Інтэра» і нарвежскага «Бодзё/Глімт».

Усе чакалі выніковай гульні ад «нерадзуры», але «зубныя шчоткі», як і тыдзень таму, ізноў перамаглі, гэтым разам з лікам 1:2 і па суме дзвюх сустрэч 2:5 упершыню ў сваёй гісторыі праходзяць у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.
Адзначу, што міланскі «Інтэр» – фіналіст мінулагодняга мацнейшага футбольнага турніру Еўропы.

ФІФА разглядае магчымасць пераносу міжкантынентальных стыкавых матчаў, якія павінны прайсці ў Мексіцы і вызначаць каманды, якія атрымаюць права ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету 2026 года. 

Пад пагрозай і матчы фінальнай часткі турніру, запланаваныя на час з 11 чэрвеня па 19 ліпеня ў ЗША, Мексіцы і Канадзе, паведамляе The Athletic.

Перанос матчаў будзе разглядацца толькі ў крайнім выпадку, калі прадстаўнікі органаў бяспекі і камерцыйныя партнёры выкажуць сур’ёзныя асцярогі.

У Мексіцы працягваюцца беспарадкі, выкліканыя забойствам кіраўніка наркакартэля Немесіа Асегеры Сервантэса. Баевікі аказваюць супраціў праваахоўным органам, што прыводзіць да пагромаў і перастрэлак.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што дзясяткі тысяч заўзятараў ужо набылі білеты і забраніравалі гатэлі на фінальную частку турніру. У выпадку пераносу ФІФА будзе абавязана кампенсаваць страты заўзятарам.

У Мексіцы павінны прайсці 12 матчаў чэмпіянату свету, якія будуць згуляныя ў Мехіка, Мантэрэі і Самапане каля Гвадалахары ў штаце Халіска, дзе і адбываюцца беспарадкі.

А з 26 па 31 сакавіка ў Гвадалахары і Мантэрэі пройдуць стыкавыя матчы міжкантынтентальнага турніру, у якіх згуляюць зборныя Новай Каледоніі, Ямайкі, ДР Конга, Балівіі, Сурынама ды Ірака.

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя заключныя матчы 50 тура рэгулярнага чэмпіянату.

«Магілёў» прайграў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 3:4.
Баранавіцкі «Авіятар» з лікам 3:1 перайграў наваполацкі «Хімік».
Смаленскі «Славуціч» абыграў гарадзенскі «Нёман» з лікам 4:2.
І з лікам 5:2 «Ліда» была мацнейшая за «Брэст».
Такім чынам, па выніках тура стала вядомая першая пара плэй-ін. «Гомель», які займае 9-е месца, згуляе з «Брэстам», які займае 8-ю пазіцыю.

Беларускі брамнік Мікіта Талапіла атрымаў выклік у «Ванкувер» з НХЛ з фарм-клуба ў АХЛ.
Асноўны брамнік каманды Кевін Ланкінен, які выступаў на Алімпіядзе, не паспявае вярнуцца ў каманду з-за снежнай буры.

У бягучым сезоне НХЛ Талапіла правёў 9 матчаў, атрымаў 3 перамогі, а таксама аформіў адзін «сухар», згуляўшы па чарзе з Ланкіненам.
«Ванкувер» найбліжэйшы матч правядзе 26 лютага дома супраць «Вініпега».

Паралімпійскі камітэт Фінляндыі аб’явіў, што не будзе прымаць удзел у цырымоніі адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў з-за допуску беларусаў і расейцаў пад дзяржаўнай сімволікай.
Раней Паралімпійскі камітэт Украіны і ўкраінскія пасольствы ў Еўропе звярнуліся да іншых еўрапейскіх дзяржаў і паралімпійскіх камітэтаў з заклікам прадэманстраваць падтрымку, адмовіўшыся ад удзелу ў цырымоніі адкрыцця.

Аб байкоце таксама аб’явілі Эстонія, Латвія і Польшча.
«Мы таксама жадаем даць нашым спартоўцам магчымасць ажыццявіць свае доўгачаканыя паралімпійскія мары, нягледзячы на чатыры гады вайны ў Еўропе, якая непазбежна кідае цень і на Паралімпіяду ў Мілане-Корціна.

Самае меншае, што мы можам зрабіць, – гэта выказаць сваю пазіцыю адносна рашэнняў IPC па расейскіх спартоўцах, прапусціўшы цырымонію адкрыцця, як нас прасіла Украіна», – сказала кіраўнік Паралімпійскага камітэта Фінляндыі Сары Раўціа.
Паралімпіяда ў Італіі пройдзе з 6 па 15 сакавіка.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя