«Аклахома» ўпершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. У Аклахома-Сіці прайшоў сёмы матч фіналу плэй-оф НБА паміж клубамі «Аклахома-Сіці Тандэр» і «Індыяна Пэйсерс». Гаспадары пляцоўкі здабылі перамогу з лікам 103:91 і сталі пераможцамі ў фінальнай серыі — 4:3.

© Matthew Stockman/ Getty Images
Найбольш выніковым гульцом матчу стаў лідар «Аклахомы» Шэй Гілджэс-Аляксандр, на рахунку канадца 29 балаў, 12 выніковых перадач і 5 падбораў. Да гэтага «Тандэр» выйгравалі тытул у 1979 годзе, але тады каманда выступала ў Сіэтле пад назвай «Сіэтл Суперсонікс».
Там жа ў Злучаных Штатах Амерыкі працягваецца клубны чэмпіянат свету па футболе. Учорашні гульнявы дзень прынёс наступныя вынікі. Аўстрыйскі «Зальцбург» згуляў у нічыю 0:0 з саўдаўскім «Аль-Хіляль». Ангельскі «Манчэсцер Сіці» разграміў з лікам 6:0 арабскі «Аль-Аін». Гішпанскі «Атлетыка Мадрыд» перайграў 1:0 бразільскі «Батафога». А французскі ПСЖ перамог гаспадароў турніру «Сіэтл Саўндэрз» з лікам 2:0. Тры каманды набралі па 6 ачкоў, далей з групы выйшлі ПСЖ і “Батафога”, а “Атлетыка” па розніцы мячоў апынуўся “трэцім лішнім”.
На моладзевым чэмпіянаце Еўропы па футболе, які праходзіць у Славаччыне, вызначылася другая пара паўфіналістаў. Імі сталі зборныя Францыі ды Германіі. Першыя ў чвэрцьфінале адужалі зборную Даніі з лікам 3:2. А другія з такім жа самым лікам, што праўда ў дададзены час, перайгралі зборную Італіі.
А вось у Румыніі таксама выходзіць на фінішную прамую юнацкі чэмпіянат Еўропы па футболе. Там учора былі згуляныя паўфінальныя матчы. Нідэрланды перамаглі зборную гаспадароў турніра з лікам 3:1. А вось у другой пары – дзеючых чэмпіёнаў зборнай Гішпаніі ды Германіі здарыўся самы сапраўдны фаерверк галоў. У асноўны час каманды згулялі 3:3. А ў дадазены час забілі на дваіх яшчэ 5 галоў. Пры чым гішпанцы вырвалі перамогу 6:5 на перадапошняй 119 хвіліне дададзенага часу. А агулам 8 з 11 галоў былі забітыя з 91 па 119 хвіліны.
У нямецкім Бад-Хомбургу праходзіць тэнісны турнір серыі WTA-500. Учора ў 1/16 фінала 35-гадовая Вікторыя Азаранка без асаблівых цяжкасцяў перайграла 37-гадовую немку Лаўру Зігемунд з лікам 2:0 (6:2, 6:2). І ў 1/8 фінала беларуска сёння згуляе з 8-й ракеткай сусветнага рэйтынгу – полькай Ігай Свёнтэк.
А ўчора Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Найлепшай па-ранейшаму з’яўляецца беларуска Арына Сабаленка. Вікторыя Азаранка – 105-я, Аляксандра Сасновіч – 108-я.
1 (1). Арына Сабаленка (Беларусь) – 11 640
2 (2). Кока Гаўф (ЗША) – 7 899
3 (3). Джэсіка Пегула (ЗША) – 6048
4 (5). Жасмін Пааліні (Італія) – 4 806
5 (4). Чжэн Цыньвэнь (Кітай) – 4 803
6 (6). Мэдысан Кіз (Кітай) – 4 669
7 (7). Міра Андрэева (Расія) – 4 669
8 (8). Іга Свёнтак (Польшча) – 4 618
9 (10). Паўла Бадоса (Іспанія) – 3 727
10 (9). Эма Навара (ЗША) – 3 697
105 (76). Вікторыя Азаранка (Беларусь) – 689
108 (108). Аляксандра Сасновіч (Беларусь) – 688
Вызначыўся чэмпіён Беларусі па міні-футболе. Ім стаў аршанскі «ВітЭн». У пятым матчы фінальнай серыі ён разграміў менскую «Сталіцу» з лікам 8:1. Тым самым зрабіў лік у серыі 3:2 і заваяваў для сябе 6-ы раз у гісторыі чэмпіёнскі тытул.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя