BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алімпіяда: Беларусь і Украіна застаюцца без медалёў

алімпіяда

18 лютага на Алімпійскіх гульнях у Італіі было разыграна 9 камплектаў узнагарод.
Некаторыя са спаборніцтваў прайшлі з удзелам беларускіх спартоўцаў. Пра ўсё па парадку.

У камандавым лыжным спрынце вольным стылем сярод жанчын перамогу ўзяла зборная Швецыі, якую прадставілі Ёна Сундлінг і Мая Дальквіст.
1. Швецыя – 20.29,9
2. Швайцарыя – 1,4
3. Германія – 5,9

У камандавым лыжным спрынце вольным стылем сярод мужчын перамогу здабыла зборная Нарвегіі, якую прадставілі Ёханэс Клэба і Эйнар Хедэгарт. Клэба абнавіў рэкорд па колькасці залатых медалёў на зімовых Алімпіядах – гэта яго 10-я ўзнагарода, у тым ліку 5-я на гэтых Гульнях.
1. Нарвегія – 18.28,9
2. ЗША – 1,4
3. Італія – 3,3

29-гадовы Ёханэс абнавіў уласны рэкорд па колькасці перамог на зімовых Алімпіядах. Да яго самымі тытулаванымі былі біятланіст Уле Эйнар Б’ёрндален, лыжнікі Б’ёрн Дэлі і Марыт Б’ёрген (ва ўсіх па 8 залатых медалёў).
З улікам летніх відаў спорту Клэба абышоў 9-разовых алімпійскіх чэмпіёнаў: Ларысу Латыніну (СССР, спартыўная гімнастыка), Карла Льюіса (ЗША, лёгкая атлетыка), Калеба Дрэсэла, Марка Спіца, Кэці Ледэкі (усё – ЗША, плаванне) і Паава Нурмі (Фінляндыя, лёгкая атлетыка).
У гісторыі зімовых і летніх Гульняў Клэба саступае цяпер толькі амерыканскаму плыўцу Майклу Фэлпсу (23).

У італьянскім Лівіньё ў спаборніцтвах па сноўбордынгу ў слоупстайле сярод мужчын золата заваяваў прадстаўнік Кітая Су Імін.
Да гэтага ён заваяваў бронзу ў біг-эйры на гэтых Гульнях. Увогуле, гэтае яго другое золата на Алімпіядах.
1. Су Імін (Кітай) – 82,41
2. Тайга Хасегава (Японія) – 82,13
3. Джэйк Кантэр (ЗША) – 79,36

Там жа ў італьянскім Лівіньё прайшлі спаборніцтвы па акрабатыцы сярод жанчын.
Перамогу здабыла кітаянка Сюй Ментаа. Яна другі раз перамагла ў гэтай дысцыпліне на Алімпіядах.
Беларуска Ганна Гуськова заняла выніковае восьмае месца, не прайшоўшы ў суперфінал.
1. Сюй Мэнтао (Кітай) – 112,9
2. Даніэль Скот (Аўстралія) – 102,17
3. Шао Ці (Кітай) – 101,9
Ганна Гуськова ў фінале паказала вынік 100.29 бала. Цікава, што ў вырашальнай другой спробе, на якую Гуськова абрала скачок са складанасцю 4.028, найвышэйшыя балы ў залік выставілі ўкраінская суддзя Вольга Палюк і кітайскі суддзя Кі Сэн.
Гэты вынік стаў для спартоўкі лепшым у сезоне, раней лепшым вынікам было 88,29 у кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў.
Такім чынам беларускія фрыстайлісты засталіся без медалёў АГ упершыню з 1998 года. На кожных Алімпійскіх гульнях з 1998 па 2022 беларусы уздымаліся на п’едэстал.
Аднак ускосна ўсё ж беларус спрычыніўся да аднаго з медаляў.
Аўстралійская фрыстайлістка Даніэль Скот набрала 102.17 бала і, як казалася вышэй, заваявала срэбны медаль.
Адзначым, што зборную Аўстраліі трэніруе дзвухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў беларус Дзмітрый Дашчынскі.

У гарналыжным слаламе перамагла амерыканка Мікаэла Шыфрын, якая стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. Яна перамагала ў слаламе ў 2014 годзе і ў гігацкім слаламе ў 2018 годзе.
1. Мікаэла Шыфрын (ЗША) – 1:39.10
2. Каміль Раст (Швайцарыя) – + 1.50
3. Ганна Свэн Ларсан (Швецыя) – +1.71
37. Марыя Шканава (Беларусь) – 1:47.94 (+8.84)

Натуралізаваная расейка, якая выступае пад нейтральным статусам, Марыя Шканава паказала 37-ы вынік.
Такое месца стала горшым для спартоўкі ў слаламе на Алімпіядах з 2010-га года. Тады Шканава стала 40-й.
На Гульнях у Сочы гарналыжніцы фінішавала 29-й, у Пхёнчхане – 28-й, у Пекіне – 20-й.

У Антхольцы ў жаночай біятлоннай эстафеце перамагла Францыя. У складзе каманды выступалі Каміль Бенэ, Лу Жанмона, Асеан Мішлон і Жулія Сімон.
1. Францыя – 1:10:22.7 (1 круг + 6 дадатковых патронаў)
2. Швецыя – 51.3 (1+7)
3. Нарвегія – 1:07.6 (0+7)
Апошні раз да гэтага французскія біятланісткі заваёўвалі золата ў жаночай эстафеце на Алімпійскіх гульнях-1992 у Альбервілі. Тады ў гонцы, якая праходзіла ў фармаце 3×7,5 км, перамогу французскай камандзе прынеслі Корын Ніагрэ, Веранік Кладэль і Ан Брыян.
Адзначым, што менавіта на Алімпіядзе-1992 у Альбервілі ўпершыню праводзіліся жаночыя біятлонныя спаборніцтвы ў гісторыі Алімпійскіх гульняў.

У фінале жаночых спаборніцтваў па сноўбордзе ў дысцыпліне слоупстайл золата выграла 19-гадовая японка Мары Фукада. Яна здолела апярэдзіць дзейную алімпійскую чэмпіёнку Зоі Садоўскі-Сінот на 0,35 бала ў трэцяй спробе.
Нагадаем, фінал мусіў адбыцца яшчэ пазаўчора, але быў перанесены з-за непагадзі.
1. Мары Фукада (Японія) – 87,83
2. Зоі Садоўскі-Сінот (Новая Зеландыя) – 87,48
3. Какома Мурасэ (Японія) – 85,80

Разыгралі камплект узнагарод па шорт-трэку.
Паўднёвая Карэя заваявала золата ў жаночай эстафеце на 3000 метраў, апярэдзіўшы італьянак на 0,093 секунды.
Карэйскую чацвёрку прадстаўлялі Чхве Мін Джон, Кім Гілі, Сім Сок Хі і Але Да Хі.
1. Паўднёвая Карэя – 4:04,014 мін
2. Італія – 4:04,107 мін
3. Канада – 4:04,314 мін

На дыстанцыі 500 метраў у мужчын па шорт-трэку пераможцам стаў канадзец Стывен Дзюбуа. Астатнія медалі заваявалі браты вант Вауты з Нідэрландаў – Меле стаў срэбным прызёрам, а Енс, які двойчы ўжо выйграваў золата ў Мілане – бронзавым.
1. Стывен Дзюбуа (Канада) – 40,835 с
2. Меле вант Ваўт (Нідэрланды) – 40,912 с
3. Енс вант Ваўт (Нідэрланды) – 41,908 с

У алімпійскім хакейным турніры былі згуляныя матчы 1/4 фінала.
Славакія перамагла Германію з лікам 6:2.
А вось лёс астатніх трох чвэрцьфіналаў аналагічна вырашыўся ў авертайме.
Канада абыграла Чэхію з лікам 4:3.
Фінляндыя – Швайцарыю з лікам 3:2.
І з лікам 2:1 ЗША былі мацнейшымі за Швецыю.
Такім чынам за выхад у фінал пазмагаюцца Канада і Фінляндыя, ЗША і Славакія.

У медальным заліку па-ранейшаму лідзіруе Нарвегія, у якой – 15 залатых, 8 срэбных і 10 бронзавых медалёў. У Італіі – 9 першых, 5 другіх і 12 трэціх месцаў. І ў ЗША 7, 11 і 6 медалёў адпаведнай якасці. Польшча на 20-м месцы – 3 срэбры і 1 бронза. У Беларусі і Украіны надалей медалёў няма.

У футбольнай Лізе чэмпіёнаў учора былі згуляныя астатнія чатыры першых матчы 1/16 фінала.
Азербайджанскі «Карабах» з разгромным лікам 1:6 у сябе дома прайграў ангельскаму «Ньюкаслу». У складзе «сарокаў» цягам першага тайма покерам адзначыўся форвард Энтані Гордан.

Нарвежскі «Будзё/Глімт» працягвае на сваім прызапалярным полі біць грандаў еўрапейскага футбола. Гэтым разам пад раздачу патрапіў італьянскі «Інтэр» – 3:1 на карысць «зубных шчотак».
Бельгійскі «Бруге» і гішпанскі «Атлетыка» з Мадрыда «раскаталі» супервыніковую нічыю 3:3.

Нямецкі «Баер» у Грэцыі абыграў «Алімпіякас» з лікам 2:0. Для двух галоў форварду «аспірынавых» Патрыку Шыку спатрэбіліся ўсяго тры хвіліны – з 60 па 63.

Беларускі галоўны трэнер «Цэле» Іван Маеўскі стаў лепшым трэнерам 22-га тура чэмпіянату Славеніі па футболе.
У матчы з «Мурай» яго каманда перамагла з лікам 5:1.
Маеўскі на чале «Цэле» правёў тры матчы: дзве перамогі і адна параза ад «Алімпіі».
Пасля 22 тураў каманда займае першае месца ў турнірнай табліцы элітнага дывізіёна Славеніі, мае ў актыве 50 балаў.

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя астатнія матчы 48 тура рэгулярнага чэмпіяната.

«Брэст» разграміў баранавіцкі «Авіятар» з лікам 5:0. «Гомель» з лікам 2:6 прайграў смаленскаму «Славуцічу». «Віцебск» з лікам 9:5 абгуляў аршанскі «Лакаматыў».
На першым радку па-ранейшаму ідзе менскае «Юнацтва», у якога 77 ачкоў. На другім – салігорскі «Шахцёр», у якога іх 69. І на трэці радок з 67 баламі ўзняўся – «Віцебск».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя