BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алімпіяда: Трэцяе золата нарвежца Ёханэса Клеба

алімпіяда

13 лютага на сёмы дзень Алімпіяды-2026 у Мілане і Карціне-д’Ампеца разыгралі чарговыя 7 камплектаў узнагарод.

У лыжнай гонцы з раздзельным стартам на 10 км сярод мужчын перамогу святкаваў нарвежац Ёханэс Клэба. Гэта ягонае трэцяе золата на гэтых гульнях.
1. Ёханэс Клэба (Нарвегія) – 20.36,2
2. Маціс Дэслож (Францыя) – 4,9
3. Эйнар Хедэгарт (Нарвегія) – 14,0

29-гадовы Клэба паўтарыў рэкорд па колькасці залатых медалёў у лыжных дысцыплінах, які належыць нарвежцам Б’ёрну Дэлі, Уле Эйнару Б’ёрндалену (біятлон) і Марыт Б’ёрген – па 9 вышэйшых узнагародаў.
Нагадаем, што Б’ёрндален з’яўляецца мужам экс-біятланісткі зборнай Беларусі Дар’і Домрачавай.

У алімпійскім Антхольцы прайшоў мужчынскі спрынт па біятлоне.
Перамог там прадстаўнік Францыі Кентэн Фіён-Мае. Срэбра і бронза дасталіся нарвежцам: Ветле Шастаду Крысціянсену і Стурле Хольму Легрэйду адпаведна.
1. Кентэн Фіён-Мае (Францыя) – 22.53,1 (0+0)
2. Ветле Шастад Крысціянсен (Нарвегія) – +13,7 (0+0)
3. Стурла Хольм Легрэйд (Нарвегія) – +15,9 (0+0)

У сноўборд-кросе залатую ўзнагароду заваявала аўстралійка Джозі Баф.
Для 23-гадовай спартоўкі гэта першая алімпійская ўзнагарода ў кар’еры.
Для Аўстраліі гэта другі залаты медаль на Гульнях у Мілане.
1. Джозі Баф (Аўстралія)
2. Ева Адамчыкава (Чэхія)
3. Мікела Маёла (Італія)

У Мілане разыгралі медалі на дыстанцыі 10 000 метраў у канькабежным спорце.
Золата заваяваў Метадэй Йілек з Чэхіі. Срэбра ўзяў расеец па паходжанні Уладзімір Сямірунны, які выступае за Польшчу, бронзу – нідэрландзец Ёрыт Бергсма.
1. Метадэй Йілек (Чэхія) – 12.33,43
2. Уладзімір Сямірунні (Польшча) – +5,65
3. Ёрыт Бергсма (Нідэрланды) – +7,05

23-гадовы Сямірунны адстаў ад першага Метадэя на 5,65 с.
Уладзімір змяніў спартовае грамадзянства ў 2023 годзе, упершыню выступіў за польскую зборную ў студзені 2025 года на чэмпіянаце Еўропы і ў жніўні таго ж года стаў грамадзянінам Польшчы.

У мужчынскім сноўбардынгу ў дысцыпліне хафпайп перамог прадстаўнік Японіі Юта Тацука. Срэбра ў аўстралійца Скоці Джэймса, бронза – у японца Русэя Ямады.
Для 24-гадовага Юта гэта дэбютная ў кар’еры алімпійская ўзнагарода, да гэтага яго найлепшым вынікам на буйных турнірах было золата ЧС-2021.
1. Юта Тацука (Японія) – 95,00
2. Скоці Джэймс (Аўстралія) – 93,50
3. Русэй Ямада (Японія) – 92,00

На хакейным алімпійскім турніры дзеючы чэмпіён Фінляндыя абыграла Швецыю з лікам 4:1.
Гаспадары гульняў прайгралі Славакіі з лікам 2:3.
Чэхія перамагла Францыю з лікам 6:3. Канада не пакінула шанцаў Швайцарыі – 5:1.

Амерыканскі кёрлінгіст Рыч Руаханен дэбютаваў на Алімпіядзе-2026.
Ён выйшаў на замену ў матчы супраць Швайцарыі, які яго каманда прайграла з лікам 3:8. Дэбют Рыча, які з’яўляецца запасным гульцом каманды, адбыўся пры ліку 2:8.
Такім чынам, 54-гадовы Руаханен стаў самым узроставым амерыканцам, які браў удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях. Да яго гэты рэкорд належаў Джозэфу Сэвіджу, які спаборнічаў на Гульнях-1932 ва ўзросце 52 гадоў. Самым узроставым амерыканцам, які ўдзельнічаў у зімовых і летніх Алімпіядах, з’яўляецца Арчэр Томас Скот. Яму быў 71 год, калі ён спаборнічаў на Гульнях-1904 у Сэнт-Луісе.
Рыч удзельнічаў у двух чэмпіянатах свету ў 2008 і 2018 гадах. Алімпіяда-2026 з’яўляецца першай у яго кар’еры.

Стаў вядомы каляндар матчаў футбольнай зборнай Беларусі ў Лізе нацый.
Гульні пройдуць з верасня па лістапад гэтага года.
Поўны каляндар для зборнай Беларусі выглядае наступным чынам:
1 тур: Албанія – Беларусь, 26 верасня 2026, 21:45
2 тур: Фінляндыя – Беларусь, 29 верасня 2026, 21:45
3 тур: Беларусь – Сан-Марына, 3 кастрычніка 2026, 19:00
4 тур: Беларусь – Фінляндыя, 6 кастрычніка 2026, 21:45
5 тур: Сан-Марына – Беларусь, 13 лістапада 2026, 22:45
6 тур: Беларусь – Албанія, 16 лістапада 2026, 20:00

Час пачатку гульняў – беларускі.
Па выніках групавога этапу першая каманда квартэта гарантавана падымаецца ў дывізіён B і пазмагаецца за права згуляць на Еўра-2028.

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (№114) паспяхова стартавала ў кваліфікацыі турніру катэгорыі WTA-1000 у Дубаі (ААЭ).
У 1/2 фіналу кваліфікацыі яна ў двух сэтах абгуляла харватку Петру Марчынку (№69) – 6:4, 6:4.
Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 32 хвіліны.
У фінале кваліфікацыі Сасновіч сустрэнецца з прадстаўніцай Вялікабрытаніі Санай Картал (№50).
Асноўная сетка жаночага тэніснага турніру ў Дубаі пройдзе з 15 да 21 лютага.
А вось беларуская першая ракетка свету Арына Сабаленка знялася з турніру.
«Мне вельмі шкада, што я вымушана зняцца з турніру ў Дубаі. У мяне асаблівая сувязь з гэтым турнірам, заўзятарамі і горадам. На жаль, я адчуваю сябе не на ўсе сто адсоткаў. Але я спадзяюся вярнуцца ў наступным годзе і жадаю турніру выдатнага правядзення», – сказала Сабаленка.
У мінулым годзе тэнісістка прайграла ў 1/8 фіналу 38-й ракетцы свету Клары Таўсан – 3:6, 2:6.
Нагадаем, што раней Сабаленка знялася з турніру WTA-1000 у Катары.

Рэжымны суд Лукашэнкі вынес прысуд спартоваму прадзюсару, былому прэс-аташэ менскага «Дынама» Мікіту Беражкову.
Ён з’яўляецца сынам былога галоўнага рэдактара газеты «Прэсбол» Уладзіміра Беражкова.
Як паведамляе «Наша Нiва», 40-гадовага Беражкова рэжым «судзіў» па артыкуле 361 КК РБ («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). У выніку яму прысудзілі «хатнюю хімію».

Юрась Дзяшук, Беларускае Рацыя