BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алімпіяда: Вялікабрытанія дасягнула нацыянальнага рэкорду

алімпіяда

У Італіі працягваюцца Алімпійскія гульні.
Учора былі размеркаваныя чарговыя камплекты ўзнагарод.
У Мілане разыгралі медалі ў жаночым шорт-трэку на дыстанцыі 1000 метраў.
Перамогу ў гэтай дысцыпліне здабыла Ксандра Велзэбур з Нідэрландаў, яна пераадолела дыстанцыю за 1.28,437.
Для нідэрландкі гэта другая залатая ўзнагарода Алімпіяды ў Мілане, а ў цэлым – трэцяя ў кар’еры.
1. Ксандра Велзэбур (Нідэрланды) – 1.28,437
2. Кортні Сара (Канада) – 1.28,523
3. Кім Гіль-лі (Паўднёвая Карэя) – 1.28,614

У гарналыжным спорце ў мужчынскім слаламе перамогу здабыў Лоік Меяр са Швайцарыі, для яго краіны гэтае пятае золата на гэтых Гульнях. Срэбра дасталася аўстрыйцу Фабіа Гштрайну, бронза – у нарвежца Хенрыка Крыстаферсена.
1. Лоік Меяр (Швейцарыя) – 1.53,61
2. Фабіа Гштрайн (Аўстрыя) – 1.53,96
3. Хенрык Крыстаферсен (Нарвегія) – 1.54,74

Чарговыя медалі разыгралі ў фрыстайле.
Золата ў жаночым біг-эйры заваявала прадстаўніца Канады Меган Олдэм. Срэбра дасталася кітаянцы Эйлін Гу, бронза – у італьянкі Флоры Табанелі.
За ўзнагароды павінны былі спаборнічаць 12 спартовак, аднак швайцаркі Анук Андраска і Мацільда Грэма атрымалі траўмы і не прынялі ўдзел у фінале.
1. Меган Олдэм (Канада) – 180,2
2. Эйлін Гу (Кітай) – 179,0
3. Флора Табанелі (Італія) – 178,25

У жаночым бабслеі золата ў монабобе заваявала прадстаўніца ЗША 41-гадовая Элана Маерс-Тэйлар.
Гэта яе першая перамога на Алімпіядах. Да гэтага яна атрымлівала тры срэбныя і дзве бронзавыя ўзнагароды.
Срэбра дасталася немцы Лаўры Нольтэ, бронза – у амерыканкі Кейлі Хамфрыс.
1. Элана Маерс-Тэйлар (ЗША) – 3.57,93
2. Лаура Нольтэ (Германія) – +0,04
3. Кейлі Армбрустэр Хамфрыс (ЗША) – +0,12

Разыгралі медалі ў скачках з трампліна ў спаборніцтвах суперкаманд.
Фінальны раўнд быў адменены з-за ўмоў надвор’я, таму пераможцаў вызначылі па выніку другога раўнда.
Золата забрала каманда з Аўстрыі, срэбра заваявалі скакуны з Польшчы, бронза дасталася нарвежцам.
1. Аўстрыя (Ян Херль, Штэфан Эмбахер) – 568,7
2. Польшча (Павел Вонсек, Кацпер Тамасяк) – 547,3
3. Нарвегія (Ёхан Андрэ Форфанг, Крыстафер Эрыксен Сундаль) – 538,0

У парным фігурным катанні залатыя медалі заваявала японская пара – Кіхара і Міўра.
Срэбра ў пары з Грузіі – Берулава і Мяцёлкіна.

І бронзу ў Германію павязуць – Хазэ і Валодзін.

Такім чынам у агульным медальным заліку на першым радку па-ранейшаму ідзе каманда Нарвегіі, у якой – 12 залатых, 7 срэбных і 9 бронзавых медалёў.
На другім месцы гаспадары Алімпіяды – у іх 8 залатых, 4 срэбных і 11 бронзавых узнагарод. І замыкае тройку лідараў каманда ЗША – з 6 залатымі, 8 срэбнымі і 5 бронзавымі медалямі.
Польшча з 3 срэбрамі і адной бронзай на 20 радку. Беларусь і Украіна па-ранейшаму без заваёў.

Вызначылася сетка плэй-оф мужчынскага алімпійскага хакея.

Турнір, у якім бяруць удзел 12 зборных, праходзіць па цікавай сістэме. Спачатку гэтыя 12 зборных былі падзелены на тры групы па чатыры каманды ў кожнай і звыкла згулялі ў адно кола.

Але потым ніхто не выбывае, а ўсе зборныя выстройваюцца ў рэйтынг ад 1 да 12. Першыя тры месцы займаюць пераможцы груп, а таксама найлепшая каманда з другіх месцаў. Астатнія зборныя ранжыруюцца з 4-га па 12-е месца ў залежнасці ад набраных балаў, гульняў паміж сабой і закінутых шайб.

Такім чынам усе зборныя працягваюць барацьбу.

Найлепшыя чатыры зборныя (у нашым выпадку гэта Канада, ЗША, Славакія (перамаглі ў групах) і Фінляндыя (найлепшая зборная з другіх месцаў) выйшлі адразу ў 1/4 фіналу і маюць два дні адпачынку.

А вось у 1/8 фіналу сёння згуляюць па-між сабой Швайцарыя — Італія, Германія — Францыя, Чэхія — Данія, Швецыя — Латвія.

У 1/4 фіналу заўтра згуляюць:

Канада з пераможцам пары Чэхія — Данія,

ЗША — Швецыя/Латвія

Славакія — Германія/Францыя

Фінляндыя — Швайцарыя/Італія.

Паўфіналы пройдуць у пятніцу, матч за 3-е месца ў суботу, фінал — у нядзелю.

Упершыню за апошнія 12 гадоў у спаборніцтвах прымаюць удзел гульцы НХЛ.

Нідэрланды сталі першай краінай, якая заваявала залатыя медалі ва ўсіх класічных дысцыплінах Алімпіяды па канькабежным спорце.
Гэта стала магчымым дзякуючы золату Фемке Кох у жаночай дыстанцыі на 500 метраў на гэтых Гульнях. Ва ўсіх іншых класічных канькабежных дысцыплінах зборная ўжо мела залатыя ўзнагароды ў сваёй гісторыі.
Цяпер на рахунку Нідэрландаў ёсць золата ва ўсіх традыцыйных забегах на дыстанцыях у 500, 1000, 1500, 3000 і 10000 метраў.
Калі зборная атрымае золата ў мужчынскім мас-старты, на рахунку краіны будуць перамогі ва ўсіх канькабежных дысцыплінах Алімпійскіх гульняў.
Мас-старт пройдзе ў суботу, 21 лютага.

Брытанскі спартовец Мэт Уэстан стаў першым у гісторыі дзвухразовым алімпійскім чэмпіёнам у скелетоне сярод мужчын.
Уэстан перамог у мужчынскіх спаборніцтвах, а пазней – у спаборніцтвах сярод змешаных каманд разам з Табітай Стокер.
Мэт параўняўся па колькасці залатых узнагарод са сваёй суайчынніцай Элізабэт Ярнольд, якая перамагала на Гульнях 2014 і 2018 гадоў.

Мексіканцы Сара Шлепер і Ласе Гаксіёла сталі першым у гісторыі дуэтам маці і сына, які выступіў на адных зімовых Алімпійскіх гульнях.
Для 46-гадовай Шлепер гэта ўжо сёмыя Гульні, для яе 18-гадовага сына Гаксіёлы – гэта першая Алімпіяда. Акрамя таго, Сара стала самай узроставай гарналыжніцай, якая калі-небудзь удзельнічала ў Алімпійскіх гульнях.
На сёлетніх Гульнях у супергіганце Шлепер заняла 27-е месца, а ў гіганцкім слаламе не змагла завяршыць дыстанцыю.
Гаксіёла дэбютаваў на Алімпіядзе, заняўшы 53-е месца ў кваліфікацыі гіганцкага слалама.

Алімпійская зборная Вялікабрытаніі ўстанавіла нацыянальны рэкорд па колькасці залатых медалёў на зімовых Алімпіядах.
На гэтых Гульнях брытанцы заваявалі тры залатыя ўзнагароды – да гэтага максімумам краіны было адно золата.
Двойчы чэмпіёнам станавіўся скелетаніст Мэт Вестан – у індывідуальных спаборніцтвах і ў змешанай камандзе разам з Табітай Стокер. Таксама Х’ю Найтынгейл і Шарлота Бэнкс выйгралі ў спаборніцтве па сноўборд-кросе сярод змешаных каманд.
Гэтыя тры залатыя медалі – адзіныя, якія пакуль заваявала краіна на АГ. Гэты вынік дае магчымасць брытанцам займаць 12-е месца ў медальным заліку.

У беларускай хакейнай Экстралізе гэтымі днямі былі згуляныя матчы 47 тура.
«Дынама-Маладэчна» з лікам 7:2 было мацнейшым за жлобінскі «Металург».

Гарадзенскі «Нёман» прайграў «Лідзе» з лікам 0:2.
Наваполацкі «Хімік» саступіў «Магілёву» з лікам 2:6.
Салігорскі «Шахцёр» перайграў з лікам 3:1 менскае «Юнацтва».

З лікам 3:6 «Гомель» саступіў смаленскаму «Славуцічу».
«Брэст» з лікам 2:1 быў мацнейшым за баранавіцкі «Авіятар».

«Віцебск» перайграў аршанскі «Лакаматыў» з лікам 5:1.

Такім чынам пасля 47 тураў на першым радку па-ранейшаму ідзе «Юнацтва» ў якога 77 ачкоў. На 10 ачкоў меней у другой каманды – у «Шахцёра». І на трэцім радку з 66 ачкамі ідзе «Дынама-Маладэчна».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя

У матчы АХЛ «Ліхай-Вэлі» прайграў «Сірак’юзам» з лікам 1:3.
Беларускі брамнік «Ліхай-Вэлі» Аляксей Коласаў адбіў 28 з 30 кідкоў.
24-гадовы мінчанін быў прызнаны трэцяй зоркай матча.
У 23 гульнях сезона АХЛ у экс-галкіпера менскага «Дынама» ў складзе «Ліхай-Вэлі» 9 перамог.

Учора беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (№114) згуляла з румынкай Саранай Кырсцяй (№32) у 1/32 асноўнага раунда турніру WTA-1000 у Дубаі. І саступіла той з лікам 0:2 – 3:6, 6:7.

Прызавы фонд турніра на адкрытым хардавым пакрыцці складае – 4 088 211 даляраў.
Нагадаем, першая ракетка свету Арына Сабаленка турнір прапускае.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя