BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алімпійскія баталіі ў разгары

На раніцу 31 ліпеня ўжо 43 краіны заваявалі алімпійскія медалі. Чарговыя камлекты ўзнагародаў былі разыграныя ў аўторак. Агулам па колькасці медалёў наперадзе ЗША – 26, другой ідзе Францыя – 18, далей Кітай – 14, Японія – 13, Вялікабрытанія – 12, Аўстралія, Паўднёвая Карэя і Італія – па 11. Аднак у галоўным афіцыйным заліку па вартасці медалёў пакуль наперадзе Японія – 7 залатых, далей Кітай – 6, Аўстралія – таксама 6, Францыя і Паўднёвая Карэя – па 5.

Азіяты дамінуюць у настольным тэнісе

У настольным тэнісе ў фінале міксту абсалютна дамінавалі азіяты. Перамог Кітай, другое месца ў кімаўскай Карэі, а 3-е – у Паўднёвай Карэі.

У змешаным разрадзе па стральбе з пнеўматычнага пісталета з 10 метраў перамаглі сербы, серабро здабылі прадстаўнікі Турцыі, а бронзавыя медалі дасталіся пары з Індыі.

На стэндавай стральбе ў практыкаванні трап трыюмфаваў брытанец Натан Хэйлс. Другім стаў кітаец Цы Ін, трэцім прадстаўнік Гватэмалы Жан-П’ер Броль.

Другі медаль Польшчы

У фінальным спаборы дзюдаістаў катэгорыі да 81 кілаграма японец Таканоры Нагасе эфектна дамогся іпона над таксама тытулаваным грузінам Папам Грыгалашвілі. Бронзавыя ўзнагароды павесілі на шыю прадстаўнікі Таджыкістана і Паўднёвай Карэі.

У камандавым жаночым турніры па фехтаванні на шпагах трыюмфавалі італьянкі, якія ў вырашальным спаборы адолелі францужанак – 30:29. Дуэлі за бронзу па суме паядынкаў выйгралі прадстаўніцы Польшчы, якія перамаглі кітайскіх шпажыстак – 32:31. Гэта другі медаль Польшчы на гульнях у Парыжы.

Алімпійскія рэкорды па плаванні

Позна ўвечары разыгрываліся камплекты медалёў па плаванні. Аўстралійка Кейлі Маккеон стала 4-разовай алімпійскай чэмпіёнкай. Учора яна фінішавала першай на дыстанцыі 100 метраў на спіне і пры тым абнавіла алімпійскі рэкорд. Уладальніца сусветнага рэкорду амерыканка Рэган Сміт на гэты раз была змушана задаволіцца серабром. Бронзу выйграла яе суайчынніца Катарына Беркоф.

Пасля фінальнага заплыву на 800 метраў у мужчын на верхнюю прыступку п’едэсталу таксама з новым алімпійскім рэкордам узышоў ірляндзец Дэніэл Віфен. Другое месца ў амерыканца Бобі Фінке, бронза – у італьянца Грэгорыё Пальтрыньеры.

Францыя і Аргенціна сустрэнуцца ў чвэрцьфінале

На алімпійскім футбольным турніры прайшлі апошнія гульні групавога этапа і вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф . У групе С Іспанія ў малазначным матчы прайграла Егіпту – 1:2, а Дамініканская Рэспубліка і Узбекістан разышліся нічыёй – 1:1. У чвэрцьфінал выйшлі егіпцяне і іспанцы. У групе В мараканцы забілі тры мячы Іраку яшчэ ў першым тайме і вырашылі ўсе свае праблемы – выніковыя – 3:0. Украіна з Аргенцінай у вочным паядынку разыгрывалі другую пуцёўку. Выйгралі «сярэбраныя» – 2:0.

У квартэце А Францыя праштампавала дзяжрную вікторыю над Новай Зеляндыяй – 3:0, з такім жа лікам ЗША перамаглі Гвінею. У групе D такія вынікі: Ізраіль – Японія – 0:1 і Парагвай – Малі – 1:0. Далей за медалі будуць змагацца Францыя – Аргенціна, Японія – Іспанія, Марока – ЗША і Егіпет – Парагвай.

Нечаканасці жаночага тэніснага турніру

На жаночым тэнісным турніры ўчора вызначыліся чвэрцьфіналісткі. Нечакана ўдала праявілі сябе дасведчаныя спартоўкі, якія даўно не заходзілі так высока. Харватка Дона Векіч ажно выбіла з розыгрышу другую ракетку свету – амерыканку Коры Гаўф – 7:6 (9:7) і 6:2. Вопытная немка Ангеліна Кербер адолела канадку Лейлу Фернандэс – 6:4, 6:3. Чэшка Барбара Крэйчыкава ў цяжкім змаганні «зламала» ў трох сетах украінку Эліну Світоліну – 7:6 (7:5), 2:6, 6:4. А вось іншая украінка Марта Касцюк перамагла моцную грэчанку Марыю Сакары (7-ю ракетку свету) – 4:6, 7:6 (7:5 на тай-брэйку), 6:4. Славачка Анна-Караліна Шмідлава (толькі 67-я ракетка) сенсацыйна святкавала вікторыю над Ясмін Пааліні (4-ы нумар рэйтангу) з Італіі – 7:5, 3:6, 7:5. Ну а першая ракетка свету полька Іга Свёнтэк пацвердзіла свой клас, перамогшы кітайку Сю Ван – 6:3, 6:4. У чвэрцьфіналах сустрэнуцца: Свёнтэк – Даніэль Коллінз (ЗША), Кербер – Жэн (Кітай), Крэйчыкава – Шмідлава, Касцюк – Векіч.

Беларускае Радыё Рацыя