У Парыжы прайшла цырымонія закрыцця Алімпійскіх гульняў. Журналісты і эксперты падводзяць вынікі і згадваюць галоўныя рэкорды Алімпіяды. У прыватнасці, 24-гадовы скакун з шастом Арман Дзюпланціс са Швецыі восьмы раз абнавіў сусветны рэкорд. У скачку ён дасягнуў вышыні 6 метраў 72 сантыметры пры планцы на 6 метраў 25. Прычым двое іншых спартоўцаў, якія занялі прызавыя месцы, не змаглі дабрацца нават да 6 метраў. 37-гадовы сербскі тэнісіст Новак Джокавіч упершыню стаў алімпійскім чэмпіёнам у адзіночным разрадзе. Да Гульняў у Парыжы ў яго было 24 перамогі на турнірах Вялікага шлема, 40 у серыі «Мастэрс», перамога ў Кубку Дэвіса, але ніводнага алімпійскага медаля. 51-гадовы стралок Юсуф Дзікеч з Турцыі, які заваяваў срэбра Алімпіяды ў стральбе з пнеўматычнага пісталета з дыстанцыі 10 метраў у змешаных парах, стаў героем інтэрнет-мемаў. Прычына ў тым, што спартовец поўнасцю адмовіўся ад выкарыстання экіпіроўкі. Да таго ж пры стральбе ён не заплюшчваў вачэй, як гэта робіць большасць яго калег, а свабодную руку проста засунуў у кішэню. Нідэрландская лёгкаатлетка Сіфан Хасан стала першай бягухай, якая выйграла золата на трох доўгіх дыстанцыях за адну Алімпіяду — 5000 метраў, 10 000 метраў і ў марафоне. Спартоўцы зборнай Іспаніі па футболе, абыграўшы французаў у фінале з лікам 5:3, сталі дзейнымі пераможцамі адразу некалькіх турніраў — Алімпіяды, чэмпіянату Еўропы і Лігі Нацый. Фінская зборная ў колькасці 56 спартоўцаў упершыню за 116 гадоў не заваявала ніводнай узнагароды на летняй Алімпіядзе. Усяго на гэтых Гульнях было прададзена больш за 8 мільёнаў 800 тысяч квіткоў. Папярэдні рэкорд належаў Алімпіядзе 1996 года ў амерыканскай Атланце, дзе прадалі каля 8 мільёнаў 300 тысяч квіткоў.
Сасновіч прабілася ў фінал кваліфікацыі турніру WTA-1000 у Цынцынаці
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паспяхова пачала выступы ў кваліфікацыі турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У стартавым раўндзе беларуска адолела ў трохсэтавым паядынку кітайскую тэнісістку Сю Ван – 6:3, 1:6, 6:1. Сустрэча працягвалася роўна дзве гадзіны. У матчы за трапленне ў асноўную сетку Аляксандра сустрэнецца з прадстаўніцай Францыі Варварай Грачовай. Без удзелу ў кваліфікацыі на кортах Цынцынаці выступяць дзве прадстаўніцы Беларусі. Вікторыя Азаранка ў паядынку 1/32 фіналу будзе супернічаць з Амандай Анісімавай з ЗША. Арына Сабаленка пачне сёлетні турнір з другога раўнда.
“Дынама” гуляе спарынг з “Авангардам”
Менскае хакейнае “Дынама” гуляе ў таварыскім матчы з “Авангардам”. Сустрэча праходзіць у Менску на “Алімпік-Арэне”. Гэта другі кантрольны спарынг для дынамаўцаў у міжсезонне. 4 жніўня “зубры” саступілі прадстаўніку ВХЛ – “Магнітцы” 4:10.
Футбалісткі “Дынама-БДУФК” і “Мінска” згулялі ўнічыю ў матчы жаночага чэмпіянату Беларусі
Футбалісткі сталічнага “Дынама-БДУФК” страцілі першыя балы ў матчах чэмпіянату Беларусі. У цэнтральным паядынку 20-га тура лідары турніру пасля 17 вікторый запар разышліся мірам са сваім галоўным канкурэнтам “Мінскам” – 0:0. Два фаварыты хутка сустрэнуцца зноў: 17 жніўня ў Берасці яны сыдуцца ў вырашальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі. Сталічная “Зорка-БДУ”, якая ідзе трэцяй у турнірнай табліцы, на сваім полі нанесла паразу магілёўскаму “Дняпру” з лікам 2:0.
“Астан Віла” можа прапанаваць каля 60 мільёнаў еўра “Атлетыка” за трансфер Фелікса
“Астан Віла” зацікавілася вінгерам “Атлетыка” Жаау Феліксам, паведамляе выданне CaughtOffside. Ангельскі клуб плануе зрабіць прапанову «матраснікам» аб трансферы 24-гадовага партугальца ў памеры каля 60 мільёнаў еўра. Раней інсайдар Фабрыцыа Рамана пісаў, што “Атлетыка” і “Чэлсі” вядуць перамовы па трансферы Фелікса. Ён можа стаць часткай пагаднення аб пераходзе паўабаронцы «Чэлсі» Конара Галахера ў мадрыдскую каманду. Жаау Фелікс выступае за “Атлетыка” з ліпеня 2019 года. У мінулым сезоне ён правёў на правах арэнды ў “Барселоне”. У 44 матчах ён вызначыўся 10 галамі і 6 асістамі.
Беларускае Радыё Рацыя