BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Усік – трохразовы абсалютны чэмпіён свету

У суботу ў Лондане на стадыёне Уэмблі адбыўся бой за званне чэмпіёна свету па боксе з суперцяжкой вазе. 38-гадовы украінскі баксёр Аляксандр Усік накаўтаваў у пятым раўндзе брытанца Даніэля Дзюбуа. І такiм чынам, стаў трохразовым абсалютным чэмпіёнам свету – першым у эпоху чатырох аўтарытэтных тытулаў. Аляксандр – першы з часоў Махамеда Алі двухразовы абсалютны чэмпіён у хэвівейце. Алі меў статус абсалюту тройчы – у 1964, 1967 і 1978 гадах.
Баксёры ўжо сустракаліся на рынгу 26 жніўня 2023 года ва Уроцлаве – тады Усік перамог Дзюбуа накаўтам у дзевятым раундзе. У 2024 годзе Аляксандр правёў два паядынкі супраць брытанца Тайсана Ф’юры. Абодва завяршыліся перамогай украінца рашэннем суддзяў – падзеленым у траўні і аднагалосным у снежні. Увогуле гэта 24-я перамога Усіка, ён застаецца непераможным. Ён таксама ўсім сэрцам патрыёт Украіны. «Хачу падзякаваць усёй Украіне, усім хлопцам, што бароняць нашу краіну. Атрымаў безліч паведамленняў ад розных падраздзяленняў, што бароняць Украіну — вы неймаверныя. Слава Украіне!» — сказаў Аляксандр адразу пасля бою.

На выходных былі згуляныя амаль усе матчы першага тура ў польскай футбольнай Экстракласе. З цікавых вынікаў адзначым буйную хатнюю паразу дзеючага чэмпіёна – пазнаньскага «Леха» ад кракаўскай «Краковіі» з лікам 1:4. Што тычыцца беларускіх легіянераў, то «Вісла» з Плоцка перамагла «Карону» з Кельцаў з лікам 2:0. Што праўда паўабаронца «віслянаў» Глеб Кучко ў гэтай перамозе не паўдзельнічаў і правёў увесь матч на лаве запасных. А вось цікавую дуэль беларускіх форвардаў – Іллі Шкурына з варшаўскай «Легіі» ды Германа Баркоўскага з глівіцкага «Пяста» адклалі з-за ўдзелу першых у Лізе Еўропы.

У працяг тэмы еўракубкаў. Судзейскія брыгады Аміна Кургхелі і Дзмітрыя Дзмітрыева прызначаныя на матчы другога раўнда Лігі канферэнцый. Дзмітрыеў абслужыць матч армянскага «Арарат» і румынскага «Універсітату Клуж». Дапамагаць яму будуць Дзмітрый Жук і Дзяніс Емяльянчыкаў. Чацвёртым суддзёй будзе Віктар Шымусік. Брыгада Аміна Кургхелі прызначаная на гульню казахскай «Астаны» і малдаўскага «Зімбру» Алега Кубарава. Памочнікі галоўнага арбітра – Юрый Хомчанка і Віктар Гецікаў, чацвёрты арбітр – Антон Лашук. Абодва матчы пройдуць у чацвер, 24 ліпеня. А сёння ў швейцарскім Ньёне адбудзецца лёсаванне 3-га раўнда ўсіх трох еўракубкаў.

У Першай лізе Чэмпіяната Беларусі па футболе прайшлі матчы 16 тура. З цікавых сустрэч адзначым хатнюю паразу «Слоніма» ад менскага «Uni X Labs» з лікам 1:2. Перамогу «Астраўца» ў Пінску над «Хваляй» з лікам 3:1. А таксама паразу «Ліды» ад «Баранавічаў» з лікам 2:3. Тройка асноўных прэтэндэнтаў на выхад у Вышэйшую лігу выглядае наступным чынам: магілёўскі «Дняпро», «Ніва» з Далбізна і «Баранавічы».

У Швейцарыі працягваецца 14 жаночы чэмпіянат Еўропы па футболе. У чвэрцьфінале гішпанкі перайгралі гаспадынь турніра швайцарак з лікам 2:0 і выйшлі ў паўфінал на немак, якія ў серыі пасляматчавых пенальці былі трапнейшыя за францужанак. У другім паўфінале сустрэнуцца англічанкі ды італьянкі.

Паспяхова выступіла зборная Беларусі па пляжным футболе ў першым этапе Еўралігі. Наша група «В» спаборнічала на пляжах грузінскага Батумі. Спачатку пад каток нашай зборнай патрапіла каманда Турцыі – лік 12:1. Гэта найбуйнейшая перамога беларускай каманды ў гісторыі. Раней самым вялікім дасягненнем была перамога над камандай Гватэмалы з лікам 12:3. Хет-трыкамі адзначыліся Ігар Брышцель і Анатоль Рабко. Таксама за зборную дэбютаваў брамнік Мікіта Мельнічэнка ва ўзросце 16 гадоў. Затым нашая каманда перайграла немцаў з лікам 6:1. І завяршыла гэты адбор учора разгромам зборнай Чэхіі з лікам 9:2. З агульным 100% вынікам забітых і прапушчаных мячоў 27:4.
Пасля этапа Еўралігі ў Грузіі беларуская каманда працягне ўдзел у турніры ў Італіі. З 25 па 27 ліпеня ў Кастэламары-ды-Стабія іх супернікамі будуць зборныя Латвіі, Малдовы і Швейцарыі. Што праўда зборная Латвіі адмовілася ад удзелу ў матчы супраць нацыянальнай каманды Беларусі ў межах Еўралігі, паведамляе прэс-служба Латвійскай федэрацыі футбола. Паводле інфармацыі крыніцы, гульня паміж зборнымі Латвіі і Беларусі была запланавана на 25 ліпеня, аднак латвійскі бок паведаміў, што матч у гэты дзень не адбудзецца.
Суперфінал Еўралігі пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім Віярэджа. У двух папярэдніх сезонах беларусы заваявалі бронзавыя медалі, а ў 2021 годзе сталі сярэбранымі прызёрамі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя