Беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас стаў другой зоркай гульнявога дня ў НХЛ пасля хет-трыка ў матчы супраць «Анахайма» (7:4). Протас стаў пятым беларусам у гісторыі лігі, які закінуў тры шайбы ў адным матчы. У бягучым сезоне на рахунку форварда ўжо 58 (28+30) ачкоў у 65 матчах. Да паўтору нацыянальнага рэкорда Ягора Шаранговіча засталося зрабіць усяго адно выніковае дзеянне.
Ліга чэмпіёнаў: сёння вызначацца ўсе ўдзельнікі чвэрцьфіналаў
Сёння ў Лізе чэмпіёнаў вызначацца чарговыя ўдзельнікі чвэрцьфіналаў. На полі сустрэнуцца гранды еўрапейскага футбола, і кожны матч абяцае стаць сапраўдным відовішчам.
«Ліль» — «Барусія Дортмунд»
Першы матч у Дортмундзе завяршыўся ўнічыю 1:1, таму ўсё вырашыцца сёння ў Францыі. «Ліль» разлічвае на падтрымку сваіх заўзятараў, а «Барусія» спадзяецца на галявое майстэрства сваіх лідараў.
«Атлетыка» — «Рэал Мадрыд»
Мадрыдскае дэрбі ў Лізе чэмпіёнаў — гэта заўсёды асаблівая падзея. «Рэал» вядзе барацьбу за 15-ты тытул, але «Атлетыка» не збіраецца саступаць без бою. Першы матч завяршыўся перамогай “Рэала” 2:1, таму наперадзе — сапраўдная бітва.
«Астан Віла» — «Бруге»
«Астан Віла» ў выдатнай форме і хоча працягнуць поспехі ў Лізе чэмпіёнаў, але «Бруге» гатовы даць бой, хоць і прайграў у першым матчы 1:3
«Арсенал» — «ПСВ»
«Арсенал» пад кіраўніцтвам Мікеля Артэты паказвае моцны футбол у гэтым сезоне. І гульня з «ПСВ» на хатнім стадыёне пасля гасцявога разгрома 7:1 можа стаць шанцам для дублёраў “кананіраў”.
«Нёман» рыхтуе афіцыйны адказ на пратэст «Іслачы»
Гарадзенскі «Нёман» рыхтуе афіцыйны адказ на пратэст «Іслачы», якая абвінаваціла супернікаў у парушэнні правілаў замен у чвэрцьфінале Кубка Беларусі. Матч завяршыўся нічыёй (0:0), але «Нёман» перамог па пенальці (4:2). Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч рэзка адрэагаваў на пратэст «Іслачы»: «Нёман» нічога не парушаў. Каментарый? Я адмаўляюся каментаваць бздуры», — заявіў Кавалевіч.
Гурэнка: «Буду заўзець за Гародню!»
Былы трэнер «Дынама-Менск» Сяргей Гурэнка адкрыта прызнаўся, што ў гэтым сезоне будзе заўзець за гарадзенскі «Нёман», выхаванцам якога ён з’яўляецца. «Я аддаў частку свайго сэрца менскаму “Дынама”, але цяпер там іншая гісторыя. Таму — толькі “Нёман” і толькі перамога!» — заявіў Гурэнка.
«МЛ Віцебск» падпісаў бразільскага нападніка
«МЛ Віцебск» узмацніў атакуючую лінію, падпісаўшы кантракт з 19-гадовым бразільскім форвардам Рафаэлам Рэйсам. Раней ён выступаў за моладзевы склад «Санту Андрэ» і забіў пяць галоў у сямі матчах.
“Смаргонь” узмацняе склад івуарыйцамі
«Смаргонь» можа падпісаць кантракты з двума івуарыйцамі — паўабаронцам Секу Думбія і цэнтральным абаронцам Кофі Біні. Абодва гульцы ўжо праходзяць прагляд у камандзе і хутка могуць падпісаць дамовы на сезон-2025. 30-гадовы Думбія добра знаёмы з беларускім футболам — у 2019 годзе ён абараняў колеры «Слуцка». У мінулым годзе выступаў за ізраільскі «Маккабі» Герцлія ў другой лізе. 23-гадовы Біні правёў мінулы сезон на Філіпінах у клубе «Махарліку», дзе згуляў 10 матчаў і двойчы адзначыўся галамі. «Смаргонь» разлічвае, што афрыканцы ўмацуюць абарону і паўабарону каманды ў будучым сезоне.
Нацыянальны футбольны стадыён зноў без канкрэтных тэрмінаў адкрыцця
Беларускія ўлады зноў перанеслі тэрміны адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна. Паводле новага ўказа Лукашэнкі, з дакумента прыбралі ранейшую дату завяршэння будаўніцтва — 31 снежня 2024 года. Цяпер стадыён увядуць у эксплуатацыю толькі пасля падпісання акту тэхнічнай перадачы. Падатковыя льготы для будаўніцтва стадыёна працягнулі да канца 2025 года.
«Шахцёр» выступіць на турніры ў Дубаі
Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» прымуць удзел у міжнародным турніры Nad Al Sheba Sports Tournament у Дубаі. У спаборніцтвах выступяць клубы з Францыі, Італіі, Расеі і ААЭ. Першы матч «Шахцёр» згуляе супраць «Новы» з Самары.
Беларускае Радыё Рацыя