BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Шпілеўскі можа ўзначаліць “Легію”

Учора ў чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе быў згуляны першы матч другой трэці турніра – а менавіта 11 тура. У Берасці мясцовае «Дынама» пры амаль дзесяці тысячах заўзятараў саступіла «Іслачы» з лікам 1:2 і перапыніла сваю пяціматчавую пераможную серыю, тым самым прапусціўшы «ваўкоў» наперад сябе на другі радок турнірнай табліцы. Цікава, што ўсе асноўныя падзеі гульні разгарнуліся цягам 12 хвілінаў у другім тайме з 51-й па 63-ю. Калі «Іслач» адразу павяла ў ліку 2:0, а пасля «Дынама» здолела адквітаць адзін гол. Адзначым, што «ваўкі» ў гэтым сезоне яшчэ ні разу не прайгравалі.

Варшаўская «Легія», у якой гуляе беларускі форвард Ілля Шкурын, правяла перамовы з беларускім спецыялістам Аляксеем Шпілеўскім, паведамляе «FootballScout».
Адзначаецца, што калі ён пагодзіцца на канчатковыя ўмовы, то зможа заняць пасаду галоўнага трэнера польскага клуба. Нагадаем, што ў траўні клуб з Варшавы не змог дамовіцца па ўмовах новага кантракту з партугальцам Гансалу Фею, пасля чаго той пакінуў каманду.
«Легія» завяршыла сезон на 5-м месцы ў польскай Экстракласе і заваявала пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі Еўропы дзякуючы перамозе ў Кубку Польшчы.

У 1/16-й тэніснага турніра “Ралан Гарос”, які праходзіць на грунтовых кортах Парыжа, першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка абыграла 34-ю ракетку сербку Ольгу Данілавіч з лікам 2:0 – 6:2, 6:3 па сэтах. І выйшла ў наступны раўнд, дзе ў 1/8-й у нядзелю 1 чэрвеня згуляе супраць 16-й ракеткі – амерыканкі Аманды Анісімавай.

Украінская федэрацыя дзюдо прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету, які адбудзецца ў чэрвені ў Будапешце. Прычына гэтаму — рашэнне Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF) дапусціць беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах з дзяржаўнай сімволікай — гімнам, сцягам і гербам.
Украінскі бок звярнуўся ў IJF з просьбай пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, і атрымаў афіцыйнае пацвярджэнне. У адказе адзначалася, што федэрацыя, маўляў, імкнецца, каб спорт заставаўся пляцоўкай для дыялогу і яднання, а не для варожасці.

Украінская федэрацыя рашуча асудзіла пазіцыю IJF, назваўшы яе несправядлівай і такой, што супярэчыць прынцыпам адказнасці і салідарнасці ў свеце спорту. У выніку прынята рашэнне адмовіцца ад удзелу ў чэмпіянаце самым.

Чэмпіянат свету па дзюдо ў 2025 годзе пройдзе з 13-га па 20 чэрвеня ў сталіцы Венгрыі Будапешце. Раней Літва і Латвія адмовіліся прымаць нацыянальную зборную Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па футзале 2026 года, у сувязі з чым УЕФА разглядае магчымасць пераносу гэтага турніру ў іншую краіну.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя