Іспанскі спецыяліст Карлас Алос застанецца галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі да лістапада 2026 года. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. Алос узначаліў зборную Беларусі ў пачатку жніўня 2023 года. Пад яго кіраўніцтвам беларускія футбалісты правялі 10 афіцыйных матчаў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы і Лігі нацый УЕФА, адсвяткаваўшы тры перамогі, шэсць разоў згуляўшы ўнічыю і пацярпеўшы толькі адну паразу пры розніцы мячоў – 7:5. У гэтым сезоне зборнай Беларусі засталося правесці два паядынкі ў групе С3 Лігі нацый: 15 лістапада ў Белфасце з камандай Паўночнай Ірландыі і 18 лістапада ў Сафіі з балгарскімі футбалістамі.
Хакеісты “Віцебска” на выездзе разграмілі лідара экстралігі “Дынама-Маладзечна”
Пасля тыднёвай паўзы на міжнародныя матчы аднавіўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Найлепшая каманда па выніках першай трэці сезона “Дынама-Маладзечна” прымала “Віцебск”. Госці здабылі мінімальную перавагу ў стартавай трэці, а ў другім і трэцім перыядах засмуцілі суперніка па два разы. У выніку 5:0 на карысць “паўночнікаў”, дублем за якіх вызначыўся Аляксандр Ціміраў, а Мікіта Ядраец закінуў шайбу і аддаў дзве выніковыя перадачы. Паралельна ў Баранавічах мясцовы “Авіятар” ледзь не здабыў першую перамогу ў чэмпіянаце: у хатнім матчы супраць “Нёмана” ў другой 20-хвілінцы “лётчыкі” вялі з лікам 4:1. Аднак гарадзенцы здолелі аднавіць парытэт і перавесці сустрэчу ў авертайм, а затым былі дакладней у серыі булітаў. Фінальны лік – 5:4. Для хакеістаў “Нёмана” гэтая вікторыя стала шостай у сямі апошніх гульнях.
Рууд абыграў Алькараса на выніковым турніры АТР
У Турыне працягваюцца матчы першага тура выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP). У першым паядынку гульнявога дня трэці нумар сусветнага рэйтынгу іспанец Карлас Алькарас нечакана саступіў у двух сэтах нарвежцу Касперу Рууду, які займае 7-е месца, – 1:6, 5:7. Пазней прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў (2-гі нумар сусветнага рэйтынгу) абыграў расейскага тэнісіста 9-га ў сусветным рэйтынгу Андрэя Рублёва з лікам 6:4, 6:4.
Беларускае Радыё Рацыя