BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Котаў пра перспектывы беларускіх каманд на Алімпіядзе

“Госць Рацыі” – прадстаўнік Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Пагутарылі з ім пра перспектывы беларускіх каманд на Алімпіядзе ў Парыжы. А таксама пра вырашэнне МАК пра допуск атлетаў з Расеі і Беларусі ў нейтральным статусе:

РР: Што такое нейтральны статус на Алімпійскіх гульнях?

Анатоль Котаў: Фармальна спартовец, які выступае ў нейтральным статусе, прадстаўляе не дзяржаву, а самога сябе. Ён выступае на Алімпійскіх гульнях не пад белым сцягам, не пад сцягам дзяржавы, а пад алімпійскім сцягам. То бок гэта пазбаўляе дзяржаву нейкай тэарэтычнай магчымасці казаць, што гэтыя медалі ідуць у нейкі нацыянальны залік. Гэта медаль канкрэтнага спартоўца.

РР: Пра якую колькасць атлетаў ідзе размова?

Анатоль Котаў: Давайце пачнём трохі здалёк. Звычайна больш за сто – 110-120 беларускіх спартоўцаў прымалі ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Зараз фармальна крытэрыем, якія высунуў Алімпійскі міжнародны камітэт, адпавядаюць тры спартоўцы з беларускім пашпартам. Канешне па меры набліжэння Алімпійскіх гульняў іх павінна станавіцца больш. Працэс спартовай кваліфікацыі расцягнуты ў часе. Калі паглядзець гісторыю за сем месяцаў, то звычайна ўжо было больш за 20-30 асобаў, якія былі з ліцэнзіямі. Колькасць і параўнальны перыяд зменшыліся ў дзесяць разоў. Па нейкіх такіх павярхоўных прыкідках, зараз можна казаць, што 20-25 спартоўцаў з беларускім пашпартам будуць адпавядаць, як крытэрыю нейтральнасці, так і змогуць выканаць у час, які застаўся, кваліфікацыйныя нарматывы. То бок гэта 1/5 – 1/6 звычайнага складу “чырвона-зялёнай” каманды. Шмат залежыць ад пазіцыі Федэрацыі міжнароднай атлетыкі. Зараз яна самая жорсткая ў дачыненні да атлетаў з беларускімі і расейскімі пашпартамі. Іх увогуле выключылі з усіх спаборніцтваў. Амаль палова каманды заўсёды былі лёгкаатлеты. У гэтую колькасць яшчэ могуць патрапіць спартоўцы, якія з’ехалі з Беларусі. Якія стоадсоткава адпавядаюць крытэрыям нейтральнасці, але пакуль што маюць праблемы са сваімі спартовымі заяўкамі і кваліфікацыяй менавіта спартовай.

РР: А што з атлетамі, якія пацярпелі праз сваю пазіцыю? Яны маюць шанец выступіць?

Анатоль Котаў: Тэарэтычна так. Але каб гэта мела нейкую практычную плашчыню, фактычнае прымяненне, то трэба яшчэ папрацаваць. Фармальна, да таго як Міжнародны алімпійскі камітэт не вызначыўся з крытэрыямі, ніхто не ведаў як яны ўвогуле могуць праходзіць кваліфікацыю, тыя хто з’ехалі. Зараз прынамсі на 70% зразумела. То бок крытэрыям нейтральнасці адпавядаюць на сто адсоткаў. Ніякай сувязі, нават фінансавай, з дзяржавай у такіх атлетаў няма. Заяўляць на спаборніцтвы Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў непасрэдна Міжнародную федэрацыю. Тэарэтычна спартовец, які з’ехаў з Беларусі ў 2020-ым ці пазней, не пагадзіўся з палітычнымі рэпрэсіямі ў 2020-ым ці з вайной ва Украіне, тэарэтычна ён мае шанец быць заяўленым Міжнароднай федэрацыяй. Нашы кантакты з пэўнымі міжнароднымі федэрацыямі, дзе ў сумленных спартоўцаў тэарэтычна ёсць шанцы, нашы кантакты паказвалі што шмат дзе правілы Міжнароднай федэрацыі яны трошкі архаічныя. То бок яны прызвычаіліся да таго, што ў мірныя часы Нацыянальная федэрацыя падае ім спіс. То бок шанцы ёсць, але на практыцы рэгуляванне зараз вяртае ўсіх у залежнасць ад таго, як падумае, што скажа беларуская спартовая вертыкаль.

Як зазначыў Анатоль Котаў, агульная карціна па беларускай зборнай будзе бачна, калі скончыцца працэс кваліфікацыі спартоўцаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: з асабістага архіву героя