У заключным паядынку папярэдняй групы С віцэ-чэмпіёны кантынента англічане згулялі ўнічыю са славенцамі – 0:0, а датчане з такім жа лікам завяршылі сустрэчу з камандай Сербіі.

Англія заняла першае месца, набраўшы 5 ачкоў, Данія другое з трыма ачкамі, столькі ж у Славеніі, але трэцяе месца, што дае ёй права пазмагацца ў плэй-оф, Сербія набрала 2 ачкі і пакідае турнір. У сваім трэцім матчы папярэдняй групы D аўстрыйцы ва ўпартым супрацьстаянні адолелі каманду Нідэрландаў з лікам 3:2. Французы згулялі ўнічыю з палякамі – 1:1. На гол Мбапэ з пенальці таксама дакладным ударам з 11-ці метровай адзнакі адказаў Роберт Левандоўскі. Аўстрыя заняла ў групе першае месца, набраўшы 6 ачкоў, у французаў 5, Нідэрланды засталіся з 4 ачкамі і выйшлі ў 1/8 фіналу з трэцяга месца, Польшча на мажорнай ноце завяршыла турнір.
Нікіфарэнка стаў найлепшым гульцом 13-га тура чэмпіянату Беларусі
Алег Нікіфарэнка прызнаны найлепшым гульцом 13-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. У хатнім пераможным паядынку з берасцейскім “Дынама” 23-гадовы паўабаронца барысаўскага БАТЭ паказаў выдатную гульню і двойчы забіў супернікам. Дзякуючы гэтай вікторыі, барысаўчане набралі 18 ачкоў і ўзняліся на восьмае месца ў турнірнай табліцы. Аўтарам найлепшага гола мінулага ўік-энду стаў жодзінскі тарпедавец Ілля Васілевіч. Ён выйшаў на поле ў сярэдзіне другой паловы хатняй сустрэчы з “Іслаччу” і на 90-й хвіліне здзейсніў эфектны сольны праход, які завяршыўся дакладным ударам, які прынёс жодзінцам мінімальную вікторыю – 1:0. “Тарпеда-БелАЗ” па-ранейшаму лідыруе, набраўшы 32 ачкі, на тры балы адстае мінскае “Дынама”, у гарадзенскага “Нёмана” 27 ачкоў.
Аляксандр Гутар стаў гульцом “Мінска”
Беларускі галкіпер Аляксандр Гутар падпісаў кантракт з “Мінскам”, і будзе выступаць за “гараджан” да канца гэтага года.
Аляксандр выхаванец сталічнай СДЮШАР «Дынама». Прафесійную кар’еру пачаў у барысаўскім БАТЭ і выступаў за барысаўчан да 2012 года. У далейшым гуляў за – “Дынама-Мінск”, расейскі “Арэнбург”, “Тосна”, украінскі “Чарнаморац”, “Дынама-Брэст”, “Шахцёр”, казахстанскі “Аксу” і вярнуўся ў БАТЭ. Абараняў колеры маладзёжнай, алімпійскай і нацыянальных зборных Беларусі з 2008 па 2021 гады. Тройчы прызнаваўся найлепшым брамнікам чэмпіянату Беларусі. Гутар перайшоў у “Мінск” на правах свабоднага агента.
Сасновіч перамагла на старце кваліфікацыі Уімблдонскага тэніснага турніру
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паспяхова пачала выступы ў кваліфікацыі Уімблдонскага турніру. У матчы першага кваліфікацыйнага раўнда Аляксандра Сасновіч упэўнена перайграла ў дзвюх партыях славенскую тэнісістку Вераніку Эр’явец – 6:2, 6:2. Наступнай суперніцай беларускі будзе харватка Леа Башкавіч. Яшчэ адна беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч прайграла ў двух сэтах амерыканцы Кайле Дэй – 2:6, 1:6.
Беларускае Радыё Рацыя






