BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Апошнія выступы беларусаў у НХЛ

Беларускія хакеісты працягваюць свае выступы ў Нацыянальнай хакейнай лізе. У апошнім матчы “Вашынгтон” саступіў “Бостан Бруінз” з лікам 1:4. Беларускі нападнік Аляксей Протас правёў на лёдзе 16 хвілін, але не набраў ачкоў. Ён не зрабіў кідкоў па брамцы і зарабіў мінус у графе карыснасці. У гэтым сезоне Протас згуляў 34 матчы, набраўшы 29 ачкоў, і мае станоўчы баланс карыснасці +17.

Фота: hockey.by

У іншым матчы “Філадэльфія” зноў пацярпела паразу, на гэты раз ад “Пітсбурга” з лікам 3:7. Беларускі брамнік Аляксей Коласаў выйшаў на лёд у трэцім перыядзе і адбіў 6 з 7 кідкоў. У гэтым сезоне ў яго 12 гульняў і 87,8% адбітых кідкоў.

Таксама абаронца “Юты” Уладзіслаў Калячонак вярнуўся ў гульню пасля траўмы. У матчы супраць “Даласа” ён правёў на лёдзе амаль 12 хвілін, але яго каманда саступіла 2:3. У гэтым сезоне Калячонак згуляў 18 матчаў і набраў 5 ачкоў.

Зборная Беларусі пачне новы сезон матчам у Душанбэ

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе пачне новы сезон міжнародным матчам у Душанбэ. Супернікам беларусаў стане зборная Таджыкістана.  Гульня адбудзецца 20 сакавіка на Цэнтральным стадыёне ў Душанбэ. Гэта будзе другая сустрэча каманд: першая адбылася ў 2014 годзе, і тады беларусы перамаглі з лікам 6:1. Сёння Беларусь займае 98-е месца ў рэйтынгу ФІФА, а Таджыкістан размяшчаецца на 104-й пазіцыі. Да пачатку адборачнага турніру чэмпіянату свету ў верасні беларусы правядуць яшчэ тры таварыскія гульні ў сакавіку і чэрвені.

УЕФА запускае Кубак Еўропы для жаночых клубаў

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) з наступнага сезона запускае новы турнір для жаночых клубаў — Кубак Еўропы. Гэта будзе трэці па рангу клубны турнір пасля жаночай Лігі чэмпіёнаў. У турніры змогуць удзельнічаць трэція каманды з нацыянальных чэмпіянатаў, а таксама клубы, якія не прайшлі кваліфікацыю ў Лігу чэмпіёнаў.

“Барселона” хоча ўзмацніць атаку

Каталонская “Барселона” актыўна разглядае магчымасці ўзмацнення сваіх флангаў атакі. У шорт-ліст патэнцыйных трансфераў увайшлі Крыстафер Нкунку (“Чэлсі”), Хвіча Кварацхелія (“Напалі”), Маркус Рэшфард (“Манчэстэр Юнайтэд”) і Рафаэл Леау (“Мілан”). Тым не менш, фінансавыя складанасці клуба пакуль стрымліваюць актыўныя перамовы. Аднак “Барселона” таксама рыхтуе прапанову для Трэнта Аляксандэра-Арналда, правага абаронцы “Ліверпуля”. Ён можа перайсці ў склад каталонцаў ужо ў 2025 годзе на правах свабоднага агента.

Беларускае Радыё Рацыя