BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арцём Сізінцаў: Тэрмін „ножны шпурляк“ паказвае багацце беларускай мовы


Каля 15 гадоў журналіст і футбольны гісторык Арцём Сізінцаў збірае гістарычныя звесткі, факты, фота і іншыя матар’ялы пра гісторыю футбола на Аршаншчыне. Усё гэта склалася ў кнігу на 400 старонак пад назвай „На «Старт» і ў «Тэмпе»!“, праца над выданнем якой зараз актыўна вядзецца. А пра больш чым 100-гадовую гісторыю аршанскага футбола і кнігу з аўтарам, сённяшнім Госцем Рацыі гутарыць наш журналіст Юрась Дзяшук.

РР: Калі чытаў зацемкі пра кнігу мяне найперш зачапіў тэрмін „ножны шпурляк“. Скажы, калі ласка, чаму ты так вырашыў называць футбол, адкуль гэта ўзялося, якая гісторыя гэтай назвы?

Агулам шмат народаў маюць свае назвы, нетыповыя і незвычайныя для футбола. Беларусы таксама маюць такую назву. Гэта ўзялося ад слова „шпурляк“, якое ўвёў у беларускую літаратуру ксёндз Пётра Татарыновіч, вядомы заснавальнік беларускай службы Ватыканскага радыё. Гэта чалавек, які меў шырокія веды, сустракаўся з беларусамі, змагаўся за беларусізацыю касцёла і ўвогуле за беларусізацыю нашага жыцця. Ён выкарыстоўваў словы з беларускіх гаворак, цудоўна ведаў беларускую мовай і розныя дыялекты.

Ён стаў ужываць гэтае слова ў афіцыйным перакладзе, зацверджаным раману „Quo vadis“ Генрыка Сянкевіча. Адпаведна, гэтае слова заўважыў, я думаю, ён і без перакладу ведаў, Ян Станкевіч, вялікі беларускі мовазнаўца. Ён увёў яго ў свой слоўнік, Вялікалiтоўска-расейскі. З таго часу гэтае слова стала ўнармаваным, хаця „ножны шпурляк“ ніколі не быў у большасці ў параўнанні з „футболам“. Слова „футбол“ больш прыжылося, але гэтаму ёсць некалькі даволі лагічных тлумачэнняў, чаму так склалася.

Але „ножны шпурляк“ паказвае багацце беларускай мовы, паказвае тое, што мы дбаем пра нашую мову і яе глыбіню. Я не прапаную адмаўляцца ад слова „футбол“, прапаную таксама выкарыстоўваць яго, безумоўна, у кнізе яно ёсць, але ёсць і „ножны шпурляк“, як я прапаную называць хаця б у якасці сіноніма агульнавядомую назву гэтай гульні, якую ведаюць беларусы, і якая ў нашых абшарах таксама стае актуальнай.

Паколькі многія народы з часам перайшлі ад замежнага слова „футбол“, адаптаванага пад сваё маўленне, на свае ўласныя назвы. У свой час смяяліся і называлі недарэчнай польскую назву „piłka nożna“, слова „сalcio“ ў Італіі, паколькі па-італійску „сalcio“ — гэта ўвогуле іншы від спорту быў, іншая гульня. Але так вырашылі называць футбол так, і з таго часу слова „сalcio“ нават выціснула іншыя словы, і ў прыватнасці ангельскае слова, і многія іншыя народы таксама звярнуліся да пурызму, да сваіх моўных практык.

Адпаведна, няма нічога кепскага і крымінальнага ў выкарыстанні слова „ножны шпурляк“ у беларускай мове. Асабліва, калі гэта будзе абумоўлена кантэкстам, людзі ўжо разумеюць, што гэта значыць многія і пачынаюць некаторыя выкарыстоўваць, што мяне, безумоўна, цешыць.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

На выданне кнігі „На «Старт» і ў «Тэмпе»!“ ідзе збор грошай на сэрвісе Gronka: https://gronka.org/#/causes/rec52klaz6BdDSDp7

Падрабязней пра кнігу можна прачытаць тут: https://skarynapress.com/knihi/khiha-pra-futbol/

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя