Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ізноў стала першай ракеткай свету.

Жаночая тэнісная асацыяцыя WTA на сваім афіцыйным сайце абнавіла рэйтынг у адзіночным разрадзе. Беларуска Арына Сабаленка зноў узначаліла сусветны рэйтынг. На яе рахунку на дадзены момант 9 706 ачкоў, і такім чынам яна пасунула на другое месца польку Ігу Свёнтэк з Польшчы, у якой 9 665 ачкоў. Замыкае тройку сусветнага рэйтынгу амерыканка Коры Гаўф, у яе 5 963 ачкі. Нагадаем, што ўсе яны выступяць на выніковым турніры WTA у саўдаўскім Эр-Рыядзе, які пройдзе з 2 па 9 лістапада. Дзе мы зможам назіраць суперніцтва беларускі Арыны Сабаленкі і полькі Ігі Свёнтэк за гегемонію ў сусветным жаночым тэнісе.
Абнавіла свой рэйтынг-ліст і сусветная мужчынская тэнісная асацыяцыя АТР. Тут першае месца займае італьянец Янік Сінер, у якога ў заліку 11 920 балаў. На другім месцы гішпанец Карлас Алькарас з 7 120 баламі. І замыкае тройку лідараў – нямецкі тэнісіст Аляксандр Звераў, у якога 6 795 балаў. Што ж тычыцца беларускіх тэнісістаў, то тут не так усё весела, як у жанчын. Лепшы беларус у сусветным рэйтынгу – Ягор Герасімаў са 148 ачкамі знаходзіцца ўсяго толькі на 336 месцы. Наступны толькі Мікалай Галяк у якога 658 месца ў сусветным рэйтынгу і ўсяго толькі 44 заработаныя балы.
Навіны футбола. Левандоўскі забіў 366 мячоў у топ-5 футбольных лігах Еўропы. Больш толькі ў Месі і Раналду. Форвард “Барселоны” Роберт Левандоўскі вызначыўся дублем у матчы Ла Лігі супраць “Севільі”, які скончыўся з агульным лікам 5:1. 36-гадовы паляк адкрыў лік на 24-й хвіліне сустрэчы, рэалізаваўшы пенальці. На 39-й хвіліне нападаючы зрабіў лік 3:0. Футбаліст забіў 7 мячоў у 3 апошніх гульнях за “Барсэлону”. Раней ён аформіў хет-трык у гульні з “Алавесам” і дубль у сустрэчы супраць “Янг Бойз” у Лізе чэмпіёнаў. Цяпер на рахунку гульца 366 галоў, забітых у топ-5 лігах Еўропы. Больш толькі ў Ліянэля Месі – 496 і Крышціяну Раналду – 495 трапных стрэлаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






