BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арына Сабаленка пераўзышла Вікторыю Азаранку

тэніс

Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка пасля перамогі на турніры WTA-500 у Брысбэне абышла суайчынніцу Вікторыю Азаранку па колькасці тытулаў у кар’еры.
Гэты трафей стаў 22-м для Сабаленкі на турнірах пад эгідай WTA. Яна пераўзышла па гэтым паказчыку Азаранку, на рахунку якой 21 тытул.
У фінальным паядынку ў Аўстраліі беларуска ўчора перамагла 26-ю ракетку ўкраінку Марту Касцюк з лікам 2:0 – 6:4, 6:3.

На камандавым тэнісным турніры United Cup у Аўстраліі зборная Польшчы здабыла перамогу над Швайцарыяй з лікам 2:1 і ўпершыню стала чэмпіёнам спаборніцтваў.
У першым матчы Белінда Бенчыч (№11 WTA) абыграла Ігу Свёнтак (№2 WTA) і вывела зборную Швайцарыі наперад – 1:0. Яна выйграла ўсе пяць адзіночных матчаў на турніры.
У другім матчы Губерт Гуркач (№83 ATP) адолеў Стэна Ваўрынку (№156 ATP) і параўняў лік у супрацьстаянні зборных – 1:1.
Усё вырашылася ў міксце, дзе сустрэліся дуэты Катажына Кава / Ян Зялінскі і Белінда Бенчыч / Якаб Паўль. Польская пара перамагла ў двух сэтах і прынесла зборнай Польшчы тытул чэмпіёнаў.
Зборная Польшчы заваявала тытул United Cup з трэцяй спробы. У двух папярэдніх сезонах польскія тэнісісты прайгравалі ў фіналах Германіі і ЗША адпаведна.
Польшча – Швайцарыя – 2:1
Іга Свёнтак (Польшча) – Белінда Бенчыч (Швайцарыя) – 6:3, 0:6, 3:6
Губерт Гуркач (Польшча) – Стэн Ваўрынка (Швайцарыя) – 6:3, 3:6, 6:3
Катажына Кава / Ян Зялінскі (Польшча) – Белінда Бенчыч / Якаб Паўль (Швейцарыя) – 6:4, 6:3.

У Кубку афрыканскіх нацый, які завяршаецца ў Марока, на выходных вызначыліся паўфінальныя пары.
У 1/4 Нігерыя з лікам 2:0 перамагла Алжыр.
А Егіпет з лікам 3:2 перайграў дзеючага чэмпіёна – каманду з Кот-д’Івуара.
Такім чынам у Афрыцы будзе новы чэмпіён. А пакуль у паўфіналах згуляюць 14 снежня Сенегал ды Егіпет і Нігерыя ды Марока.

«Каларада» абыграў «Каламбус» з лікам 4:0 у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ.
Беларускі абаронца Ілля Салаўёў закінуў дэбютную шайбу ў Лізе. 25-гадовы гулец выканаў выніковы кідок у другім перыядзе, зрабіўшы лік 3:0.
У гэтым сезоне ў Салаўёва 13 матчаў і 3 (1+2) выніковыя балы. Беларус набірае ачкі ў трох матчах запар.
«Чыкага» абыграў «Нэшвіл» з лікам 3:0. Беларус Арцём Леўшуноў дапамог рэалізаваць большасць і адкрыць лік у паядынку, вызначыўшыся галявой перадачай на Тайлэра Бертуцы. 20-гадовы беларус у гэтым сезоне правёў 43 матчы і набраў 21 (2+19) ачко.
«Калгары» Ягора Шаранговіча адолеў «Пітсбург» з лікам 2:1. Беларускі форвард у матчы выніковымі баламі не вызначыўся.

«Бостан» Уладзіслава Калячонка разграміў «Рэйнджэрс» з лікам 10:2. Беларус не патрапіў у заяўку і прапусціў шостую сустрэчу запар.

Беларускі брамнік «Ліхай Вэлі» Аляксей Коласаў названы гульцом тыдня АХЛ. За два матчы на мінулым тыдні Коласаў адбіў 60 з 61. Усяго ў сезоне беларус правёў 18 матчаў, атрымаў 9 перамог і мае 91% адбітых кідкоў. Таксама Коласаў згуляў два матчы ў НХЛ.
Узнагарода гульцу тыдня АХЛ у гісторыі «Ліхай Вэлі» ўручалася 9 разоў, пры гэтым Коласаў стаў першым брамнікам каманды, які атрымаў гэтае прызнанне.

А тым часам «Ванкувер» выклікаў іншага 25-гадовага беларускага брамніка Мікіту Талапілу з фарм-клуба ў АХЛ па экстранай працэдуры. Раней асноўны галкіпер «Ванкувера» Тэтчэр Дзямко атрымаў траўму і не выйшаў на другі перыяд выязнога матчу з «Таронта» (0:5). У бягучым сезоне НХЛ беларус правёў за «Ванкувер» 4 матчы, атрымаў 2 перамогі і пацярпеў 1 паразу ў асноўны час.
У АХЛ за «Абатсфард» Талапіла згуляў 11 матчаў і мае 4 перамогі, 4 паразы ў асноўны час і 3 – у авертайме або па булітах.

Учора прайшоў фінальны матч «фіналу чатырох» Кубка Беларусі па міні-футболе.
Менская «Сталіца» стала ўладальнікам Кубка трэці раз у сваёй гісторыі. Папярэднім уладальнікам трафея з’яўляўся гомельскі ВРЗ.
А гэтым разам «Сталіца» перамагла аршанскі «Вітэн» з лікам 4:1.

Нараджэнка Баранавічаў, а зараз – беластачанка, прадстаўніца зборнай Польшчы па лёгкай атлетыцы Марыя Жодзік заняла шостае месца ў галасаванні на найлепшага спартоўца года ў Польшчы.
Яна апярэдзіла нападніка «Барселоны» Роберта Левандоўскага, які заняў сёмае месца.
Нагадаем, што Жодзік заваявала для Польшчы адзіны медаль срэбнай якасці на чэмпіянаце свету 2025 года па лёгкай атлетыцы.
Першае месца ў галасаванні заняла Клаўдзія Звалінская, якая выступае ў дысцыпліне каяк-слалам, другое – тэнісістка Іга Свёнтак, трэцім стаў валейбаліст Вільфрэда Леон.

У нямецкім Аберхофе прайшла мужчынская эстафета на чацвёртым этапе Кубка свету па біятлоне.
Перамогу святкавала Нарвегія, другой стала Францыя, трэцяя – зборная Швецыі. Каманда Польшчы прыбегла 10-й.

Беларуска Вольга Навумава ўстанавіла рэкорд Гінэса ў скайсёрфінгу. Яна здзейсніла самы высокі скачок у дысцыпліне з вышыні 6 384 метры ў высакагорнай зоне Эверэста.
Скачок быў выкананы ў Непале, у раёне Сьянгбочэ. Навумава здзейсніла свабоднае падзенне, здолела захаваць кантроль над дошкай, справіцца з моцнымі патокамі паветра і паспяхова раскрыць парашут. Прызямленне адбылося на вышыні 3 766 метраў на ўзлётна-пасадкавай паласе.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя