
Першая ракетка сусветнага рэйтынгу па версіі WTA беларуска Арына Сабаленка ў цяжкім матчы з 39 ракеткай брытанкай Эмай Радукану прайшла стадыю 1/16 фіналу турніру серыі 1000 у амерыканскім Цынцынаці. Матч, які доўжыўся 3 гадзіны і 12 хвілінаў, завяршыўся з лікам 2:1 (7:6, 4:6, 7:6) на карысць беларускі. Адметна, што выніковы трэці сэт сустрэчы адзначыўся даволі працяглым геймам. Пры ліку 4:3 тэнісісткі на працягу 23 хвілін разыгрывалі адзін гейм, 13 разоў зрабіўшы лік «роўна» ў 31-м розыгрышы.
Такім чынам Арына ў 1/8 фіналу згуляе з 42 ракеткай сусветнага рэйтынгу гішпанкай Джэсікай Бузас Манэйра.
Але гэта яшчэ не рэкорд. У паралельным мужскім турніры ў Цынцынаці 101 ракетка амерыканец Джэнсан Бруксбі перамог 76 ракетку француза Артура Казо з лікам 7:5, 6:1.
Там у другім сэце пры ліку 1:1 тэнісісты на працягу цэлых 30 хвілін высвятлялі, хто з іх вырвецца наперад па геймах, 17 разоў зрабіўшы лік «роўна».
Выніковая працягласць гульні ў іх склала – 1 гадзіна 52 хвіліны. У 1/16 амерыканец Джэнсан Брукбсі згуляе з 12 ракеткай расіянінам Карэнам Хачанавым.
Учора прайшло лёсаванне Суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе.
Па яго выніках супернікамі зборнай Беларусі па групе «А» сталі Італія, Партугалія і Францыя.
У групу «В» увайшлі Гішпанія, Швайцарыя, Украіна і Данія. Фінальная стадыя Еўралігі-2025 пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім Віярэджыа.
Учора былі згуляныя тры матчы групавога этапу Кубка Салея – Кубка Беларусі па хакеі.
«Ліда» на сваёй пляцоўцы ў авертайме саступіла «Авіятару» з Баранавіч з лікам 4:5.
Менскае «Юнацтва» перайграла «Дынама-Маладэчна» з лікам 4:1.
І «Нёман» у Гародні саступіў «Брэсту» з лікам 0:2.
Такім чынам у групе А «Юнацтва» ўжо сабе забяспечыла выхад у стадыю плэй-оф. На другім і трэцім месцы ідуць «Брэст» і салігорскі «Шахцёр».
А ў групе Б на першым месцы, што дае права на выхад у паўфінал, ідзе «Віцебск», а на другім і трэцім чвэрцьфінальным – «Магілёў» і аршанскі «Лакаматыў», адпаведна.
Фінал турніру запланаваны на 31 жніўня.
Беларускі паўабаронца футбольнай «Медзі» (Легніца) з другога польскага дывізіёна Глеб Кучко хацеў бы выступаць за зборную Польшчы.
Глеб ужо паўгода з’яўляецца грамадзянінам гэтай краіны і спадзяецца, што, рэгулярна гуляючы за «Медзь», атрымае магчымасць трапіць у моладзевую зборную Польшчы, піша рэсурс football.by.
«Трэнер зборнай U-20 ужо цікавіўся мной. Ён спытаў, ці не хачу я гуляць за Польшчу. Раней я гуляў за моладзевую зборную Беларусі, але адкрыты для прапановы выступаць за бела-чырвоных. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца», — сказаў футбаліст. Глеб належыць клубу «Вісла» з Плоцка, што выйшла ў польскую Экстракласу, але ў вышэйшым дывізіёне ён не згуляе, бо аддадзены ў арэнду ў «Медзь» з другога дывізіёна.
У польскай Экстракласе сёлета гуляюць два беларускія футбалісты: Ілля Шкурын («Легія» Варшава) і Герман Баркоўскі («Пяст» Глівіцы), у другім дывізіёне — тры беларусы (Глеб Кучко («Медзь»), Антон Чычкан («Вісла», Кракаў), і Уладзіслаў Красоўскі («Сталь», Жэшуў), у трэцім дывізіёне — два беларусы, у чацвёртым — восем.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






