BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Арыс” Шпілеўскага прайграў “Спарце” і застаўся без еўракубкаў

Услед за ўдзельнікамі футбольнай Лігі чэмпіёнаў свае групавыя турніры завяршылі клубы яшчэ двух кантынентальных турніраў Старога Свету. У падгрупе “С” футбольнай Лігі Еўропы кіпрскі “Арыс” беларускага трэнера Аляксея Шпілеўскага усё яшчэ мог заняць першае месца і трапіць у Лігу канферэнцый.

Аднак у адсутнасці беларускага паўабаронцы Арцёма Шуманскага не змог аказаць годнага супраціву чэшскай «Спарце», у якой таксама была высокая матывацыя трапіць у плэй-оф. Перамога чэхаў 3:1. «Рэйнджэрс» нечакана ўзяў верх над «Бецісам» 3:2 у гасцях і з першага месца выйшаў у наступны раунд, пакінуўшы севільцаў на трэцім месцы.

У Лізе канферэнцый – казахстанская “Астана”, у якой гуляе лепшы футбаліст Беларусі 2023 года Макс Эбонг, не здолела прабіцца ў плэй-оф. У заключным паядынку групы С казахстанская каманда прайграла на выездзе чэшскай “Вікторыі” (Пльзень) з буйным лікам 0:3 і заняла 3-е месца. Эбонг у гэтай гульні ўдзелу не прымаў.

На званне лепшага гульца года па версіі ФІФА прэтэндуюць Месі, Мбапэ і Холанд

На званне лепшага гульца 2023 года па версіі ФІФА прэтэндуюць аргенцінец Ліянэль Месі, француз Кіліян Мбапэ і нарвежац Эрлінг Холанд. Адзначаецца, што гэтыя спартоўцы ўвайшлі ў лік трох прэтэндэнтаў на званне найлепшага гульца года па версіі Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). Лепшаму гульцу па версіі ФІФА ўзнагароду ўручаюць з 2017 года. Двойчы гэты прыз атрымлівалі Месі, партугалец Крышціяну Раналду і паляк Роберт Левандоўскі. Пераможцам таксама прызнаваўся харват Лука Модрыч.

Шаранговіч закінуў шайбу ў чацвёртым матчы запар, Протас набраў 2 асісты ў чэмпіянаце НХЛ

Беларускія нападнікі працягваюць набіраць бамбардзірскія балы ў рэгулярным сезоне Нацыянальнай хакейнай лігі. Мінулай ноччу форвард “Калгары” Ягор Шаранговіч вызначыўся ў чацвёртым паядынку запар. У другім перыядзе гасцявой сустрэчы з “Мінэсотай” беларус закінуў сваю дзясятую ў гэтым сезоне шайбу, на старце трэцяга перыяду аддаў свой восьмы галявы пас, а потым рэалізаваў кідок у серыі пасляматчавых булітаў. Аднак гэта не дапамагло – у выніку “Калгары” прайграў 2:3. Беларускі нападнік “Вашынгтон Кэпіталз” Аляксей Протас у выязным матчы з “Філадэльфіяй” зарабіў два асістэнцкія балы, але яго каманда саступіла ў серыі булітаў з лікам 3:4. У 25 сустрэчах Протас набраў 13 бамбардзірскіх балаў – 3 галы і 10 перадач.

Плыўчыхі Шкурдай і Куляшова перамаглі на турніры ў Венгрыі

Беларускія плыўчыхі Анастасія Шкурдай і Анастасія Куляшова святкавалі перамогі на турніры Gyor Open у Венгрыі, які з’яўляецца кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў і чэмпіянату свету. Анастасія Шкурдай паказала лепшы вынік на дыстанцыі 200 м на спіне – 2:10,42 секунды. У фінале на “стомятроўцы” батэрфляем не было роўных Анастасіі Куляшовай, яе вынік – 58,50 секунды.

Сабаленка і Джокавіч названыя чэмпіёнамі свету па версіі ITF

Міжнародная тэнісная федэрацыя (ITF) назвала лепшых гульцоў года. Чэмпіёнам свету сярод жанчын названа Арына Сабаленка. Сёлета яна ўпершыню ў кар’еры выйграла турнір серыі “Вялікага шлема” – Australian Open, а таксама дабралася да фіналу US Open і паўфіналаў “Ралан Гарос” і Уімблдона. У верасні Сабаленка таксама ўпершыню стала першай ракеткай планеты, а завяршае год на другой пазіцыі ў сусветным рэйтынгу. У мужчын па-за канкурэнцыяй апынуўся сербскі тэнісіст Новак Джокавіч. Ён названы лепшым восьмы раз у гісторыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by