У ноч на 21 снежня “Вашынгтон” у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ абыграў “Айлендэрс” 3:2 у авертайме. У складзе пераможцаў беларускі форвард Аляксей Протас набраў асістэнцкі бал пры першым узяцці брамкі суперніка.

Усяго на лёдзе Протас правёў 13 хвілін 10 секунд, двойчы кінуў па брамцы “Айлендэрса”, зрабіў адзін хіт і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці “+2”. Усяго ў гэтым сезоне на яго рахунку 28 матчаў, 3 шайбы і 11 перадач. Расеец Аляксандр Авечкін не закінуў у 14 матчах запар.
Ілля Шкурын стаў другім у рэйтынгу гульцоў «Сталі» па сярэдняй адзнацы за матч
Партал Sofascore падводзіць статыстычныя вынікі першай паловы сезона польскай Экстракласы. У прыватнасці была падлічана сярэдняя ацэнка за гульню футбалістаў усіх каманд чэмпіянату. Беларус Ілля Шкурын, які выступае за “Сталь” з Мелеца, заняў другое месца ў рэйтынгу сваёй каманды і ўваходзіць у топ-50 па ацэнцы сярод усіх гульцоў чэмпіянату. 24-гадовы форвард правёў за “Сталь” 20 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў 10 галоў і аддаў 5 галявых перадач.
Зборная Беларусі завяршае 2023 год на 95-й пазіцыі рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі завяршае 2023 год на 95-й пазіцыі ў рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). За мінулы месяц беларуская каманда не праводзіла матчаў і захавала за сабой ранейшае месца. У 2023 годзе зборная Беларусі згуляла 10 матчаў: 3 перамогі, 3 нічыі, 4 паразы (розніца мячоў – 9-14). Вышэйшым дасягненнем футбольнай зборнай Беларусі ў рэйтынгу ФІФА было 36-е месца, на якое яна ўзнялася ў лютым 2011 года. Апошні ў адыходзячым годзе рэйтынг ФІФА ўзначальвае чэмпіён свету Аргенціна, на другой пазіцыі Францыя, трэцяе месца займае Англія, за ёй ідзе Бельгія, замыкае першую пяцёрку Бразілія. З краін былога СССР найлепшая пазіцыя ў зборнай Украіны, якая знаходзіцца на 22-м месцы.
Вядучыя тэнісісты свету згуляюць на выставачным турніры ў Абу-Дабі
У сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі стартуе выставачны камандны турнір World Tennis League з удзелам 16 вядучых тэнісістаў планеты. У камандзе “Каршуны” разам з другой ракеткай свету беларускай Арынай Сабаленкай згуляюць іспанская тэнісістка Паўла Бадоса, грэк Стэфанас Цыцыпас і балгарын Рыгор Дзімітраў. Іх супернікамі будуць “Арлы” – расейцы Міра Андрэева, Данііл Мядзведзеў, Андрэй Рублёў і прадстаўніца ЗША Сафія Кенін. У іншым матчы “Ястрабы” – палякі Іга Свёнтэк, Хуберт Хуркач, францужанка Каралін Гарсія і нарвежац Каспер Рууд – сустрэнуцца з “Сокаламі”, за якіх выступяць прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна, канадка Лэйла Фернандэс, амерыканец Тэйлар Фрыц і індыец Суміт Нагал. На працягу трох дзён каманды правядуць аднакругавы турнір, а 24 снежня дзве найлепшыя з іх згуляюць у вырашальным матчы.
Беларускае Радыё Рацыя






