BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Аталанта» перамагла «Барусію»

Італьянская «Аталанта» ў рамках другога матча плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў супраць нямецкай «Барусіі» з Дортмунда здабыла разгромную перамогу з лікам 4:1.

Здымак ілюстрацыйны.
Здымак ілюстрацыйны.

Галамі адзначыліся ў гаспадароў Скамакка, Дзапакоста, Пашаліч і Самарджыч, у гасцей забіў Адэемі.
У першай гульні з лікам 2:0 перамаглі «чмялі». Адпаведна, у 1/8 фіналу выйшлі бергамаскі.
Супернікам «Аталанты» ў наступным раўндзе будзе ангельскі «Арсенал» або ізноў жа нямецкая «Баварыя». Лёсаванне адбудзецца 27 лютага.

Дзеючы ўладальнік кубка Лігі чэмпіёнаў французскі «ПСЖ» згуляў унічыю 2:2 з «Манака». Да 60 хвіліны гульні манегаскі вялі ў ліку 0:1 і мелі шанец перавесці двубой ў дадатковы час. Але перад тым у іх здарылася выдаленне, яны прапусцілі спачатку два, пасля адзін гол адквіталі, але па агульнай суме дзьвух матчаў з лікам 5:4 парыжане праходзяць далей.

Гішпанскі «Рэал» з Мадрыда ў чарговым супрацьстаянні з партугальскай «Бенфікай» і ў другі раз перайграў лісабонцаў пасля 1:0. Гэтым разам з лікам 2:1. «Арлы» на самым пачатку гульні напрацягу дзьвух хвілінаў вялі ў ліку 0:1. Але мадрыдцы хутка лік параўнялі і ў канцы гульні выйшлі наперад, і як след – у 1/8 фінала турніра.

Надзвычай цікавым выдаўся і другі матч паміж італьянскім «Ювентусам» і турэцкім «Галатасараем». Нагадаю, што першы матч у Стамбуле выйгралі гаспадары з лікам 5:2.
Учора ж турынцам трэба было забіваць як мініум 3 галы і пры гэтым не прапусціць. З гэтай задачай, нягледзячы на выдаленне на 48 хвіліне Келле, яны справіліся і перавялі двубой у дадатковы час з агульным лікам 5:5. Пры тым, што два галы забілі ўжо гуляючы ў меньшасці.

Але ў дадатковым часе «старой сеньёры» сілаў не хапіла. Стамбульцы забілі двойчы і па суме дзвюх сустрэч у 1/8 фінала крочаць яны.

Учора былі згуляныя два матчы жаночага чэмпіянату Беларусі па баскетболе.
Мінск-М – Гродна – 54:69 (13:15, 20:9, 12:25, 9:20)
Гарызонт – Мінск – 63:67 (9:20, 17:6, 13:21, 20:12, 4:8)

Нідэрландская федэрацыя плавання (KNZB) адмаўляецца ад арганізацыі чэмпіянату Еўропы па паралімпійскім плаванні 2026 года.

Прычына ў тым, што Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) патрабуе, каб беларусы і расейцы, як і на зімовых Паралімпійскіх гульнях-2026, маглі выступаць пад дзяржаўнымі сцягамі.
Па словах дырэктара KNZB Арнуда Стрэйбіса, рашэнне было прынятае пасля кансультацый з міністэрствамі ў Гаазе.

«Нідэрланды не хочуць праводзіць чэмпіянат Еўропы па параплаванні, у якім расейцы і беларусы бралі б удзел пад уласным сцягам і гімнам. Пад цалкам нейтральным сцягам і без гімна гэта дазволена», – пазначылі ў міністэрстве.

Былы расейскі канькабежац Уладзімір Сямірунны, які прадстаўляе Польшчу, вырашыў змяніць прозвішча.

«Я жыву тут ужо тры гады, увесь гэты час размаўляю на польскай, думаю на польскай, падчас спаборніцтваў спяваю польскі гімн і хачу жыць тут да канца жыцця.
Неўзабаве зраблю яшчэ адзін крок, каб даказаць, што я стоадсоткавы паляк. Хацеў бы абнавіць сваё прозвішча ў афіцыйных дакументах.

Ведаю, што цяперашняе напісанне няпростае для палякаў. Я таксама лічу, што яно не зусім удала транслітараванае з кірыліцы, таму крыху не здзіўляюся, што журналісты маюць з гэтым праблемы. У бліжэйшыя тыдні планую змяніць прозвішча на такое, якое будзе добра гучаць на польскай.
Я буду называцца Уладзімір Сяміруні»,
– сказаў Сямірунны.

У 2022 годзе Сямірунны пераехаў у Польшчу, у 2025-м атрымаў грамадзянства. На Алімпійскіх Гульнях-2026 Сямірунны заваяваў срэбра ў канькабежным спорце на дыстанцыі 10 000 м.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя