Іспанская “Барселона” ў матчы першага тура агульнага этапу Лігі Чэмпіёнаў на выездзе прайграла французскаму “Манака”. Ужо на дзясятай хвіліне госці засталіся ў меншасці пасля выдалення Эрыка Гарсіі, які спрабаваў не дапусціць гола пасля няўдалай перадачы Тэр Штэгена. Неўзабаве Магнэс Акліуш адкрыў лік, аднак яшчэ да перапынку яго зраўняў Ламін Ямаль. У другой палове французам удалося вырваць перамогу дзякуючы ўдару Джорджа Іленікена — 2:1.
У іншых матчах італьянская «Аталанта» разышлася мірам з лонданскім “Арсеналам” – 0:0. Мадрыдскі “Атлетыка” дзякуючы галам Грызмана і Хімэнэса вырваў перамогу ў канцоўцы матча з “РБ Лейпцыг” 2:1. З такім жа лікам французскі “Брэст” абыграў аўстрыйскі “Штурм”, а партугальская «Бенфіка» на выездзе «Црвену Звезду». Нямецкі «Баер» у гасцях не пакінуў шанцаў нідэрландскаму «Феенорду» 4:0. Дубль у дэбютнай гульні ў Лізе чэмпіёнаў на рахунку зоркі «аптэкараў» Флорыяна Вірца.
Беларускі саступілі расейкам у другім матчы турніру развіцця УЕФА
У Менску адбыліся чарговыя паядынкі турніру развіцця УЕФА сярод дзяўчат.
Футбалісткі зборнай Беларусі (U-15) сустракаліся з аднагодкамі з Расеі і прайгралі з лікам 1:5. Адзіны мяч у складзе гаспадынь забіла Анастасія Туз. У першым туры каманда Таццяны Кіёсе разграміла зборную Азербайджана з лікам 8:1. У заключны дзень спаборніцтваў 22 верасня беларускі будуць супернічаць з узбекскай зборнай.
Хакеісты “Нёмана”, “Віцебска” і “Шахцёра” дабіліся перамог у матчах экстралігі
Трыма матчамі ў Гародні, Віцебску і Жлобіне ў чацвер працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Адразу дзве шыльды чацвярга паўтарылі пары першага раунда плэй-оф Кубка краіны мінулага сезона: “Нёман” згуляў з “Гомелем”, а “Віцебск” – з “Брэстам”. Значную частку сустрэчы ў Гародні гамяльчане былі наперадзе на два галы, аднак за секунду да заканчэння другога перыяду гаспадары скарацілі адставанне, а ў заключнай трэці адправілі суперніку тры шайбы ў адказ. У выніку перамога “Нёмана” з лікам 4:2, тры галявыя перадачы за гарадзенцаў аддаў Герман Паддубны.
У паядынку на поўначы краіны перамогу над «Брэстам» з лікам 4:3 святкаваў “Віцебск”.
Паралельна ў Жлобіне мясцовы “Металург” мінімальна прайграў салігорскаму “Шахцёру” 2:3. Cёння ў беларускай экстралізе адбудуцца чатыры матчы. “Дынама-Маладэчна”, якое ўзначальвае турнірную табліцу, на выездзе згуляе з баранавіцкім “Авіятарам”, “Лакаматыў” у Оршы сустрэнецца з менскім “Юнацтвам”. “Магілёў” на сваім лёдзе сыдзецца з наваполацкім “Хімікам”, а “Славуціч” прыме ў Смаленску “Ліду”.
Вайлупаў дапамог гандбалістам “Веспрэма” перамагчы ПСЖ у Лізе чэмпіёнаў
Гандбалісты венгерскага “Веспрэма” здабылі другую вікторыю запар на старце Лігі чэмпіёнаў. У другім туры папярэдняй групы А чэмпіёны Венгрыі прымалі на сваёй арэне французскі “Пары Сэн-Жэрмэн” і выйгралі з перавагай у 13 мячоў – 41:28. Беларускі правы крайні “Веспрэма” Мікіта Вайлупаў стаў найлепшым снайперам гэтай сустрэчы, закінуўшы 8 мячоў. У стартавым паядынку “Веспрэм” адолеў у сталіцы Германіі гандбалістаў “Берліна” з мінімальнай перавагай – 32:31. Тады Вайлупаў тройчы закінуў супернікам. У групе В польскі “Кельцэ” пасля дамашняй перамогі над харвацкім “Заграбам” 30:23 прайграў на выездзе французскаму “Нанту” 20:23. Беларускі лінейны польскай каманды Арцём Каралёк мячоў не закінуў, а ў першым паядынку вызначыўся чатыры разы. Харвацкі чэмпіён у другім туры перайграў дацкі “Ольбарг” – 31:23. Беларускі легіянер “Заграба” Ігар Бяляўскі чатыры разы закінуў датчанам, а ў першай гульні закінуў свой дэбютны мяч у Лізе чэмпіёнаў.
Беларускае Радыё Рацыя