BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Азаранка і Сасновіч пацярпелі няўдачу ў паўфіналах

На буйным тэнісным турніры ў Мадрыдзе ў спаборы параў беларуска Вікторыя Азаранка разам з амерыканкай Эшлін Кругер ў зацятым змаганні саступілі дуэту расейкі Веранікі Кудэрметавай і бельгійкі Эліз Мертэнс. Лік па сэтах – 6:4, 4:6, 8:10. Сустрэча доўжылася 1 гадзіну 38 хвілін. Абедзве пары зрабілі па дзве двайныя памылкі.

Там жа ў Мадрыдзе ў мужчынскім адзіночным спаборы прайшлі паўфінальныя паядынкі. Нарвежац Каспер Руд, 14-я ракетка свету, за дзве партыі разабраўся з аргенцінцам Франсіска Чэрундолам – 6:4, 7:5. У іншым матчы на корт выйшлі брытанец Джэк Дрэйпер і італьянец Ларэнца Музетці. Перамог ангелец – 6:3, 7:6 (7:4 на тай-брэйку).

Беларуска Аляксандра Сасновіч ў паўфінале чэленджара ў іспанскім горадзе Вік саступіла ў трох сетах менш рэйтынгавай прадстаўніцы Швайцарыі Рэбецы Машаравай. Лік па партыях 6:2, 1:6, 3:6.

«Маладэчна» зазнала 7-ю паразу запар

У пятніцу двума матчамі пачаўся 7-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. Каманда «Маладэчна» чарговы раз выявіла сваю нягегласць і на сваім полі саступіла наваполацкаму «Нафтану» – 0:2. Абодва мячы былі забітыя ў другім тайме. «Маладэчна» па-ранейшаму ня мае аніводнага ачка, пацярпела 7 паразаў і знаходзіцца на самым дне турнірнай табліцы.

У іншай сустрэчы дня дзяржынскі «Арсенал» прымаў барысаўскі БАТЭ. Адзіны гол у другой палове арганізавалі барысаўцы. Колішні флагман айчыннага футболу БАТЭ набраў 13 ачкоў і перамясціўся на 3-е месца. Сёння пройдуць яшчэ чатыры матчы: «Дынама» (Менск) – «Віцебск», «Смаргонь» – «Тарпеда» (Жодзіна), «Макслайн» (Віцебск) – «Нёман» (Гародня) і «Дынама» (Берасце) – «Славія» (Мазыр).

Роні О’Саліван зачахліў кій

На чэмпіянаце свету па снукеры, які традыцыйна праходзіць у брытанскім шэфілдзе прайшоў другі дзень паўфіналаў. Знакаміты сяміразовы чэмпіён свету ангелец Роні О’Саліван зусім “рассыпаўся” у гэты дзень і прайграў у другой сесій ажно 8 фрэймаў запар. Дагульванне ўвечары ўжо не мела асаблівай інтрыгі. У выніку Чжао Сіньтунь перамог 17:7. Другі раз у гісторыі кітайскі снукерыст згуляе ў фінале чэмпіянату свету. Першым быў Дзін Джуньху ў 2016 годзе.

Куды больш упарта праходзіць паядынак паміж валійцам Маркам Уільямсам і ангельцам Джадам Трампам. Другую сесію, нягледзячы на адставанне, выйграў Уільямс 5:3 і такім чынам перад наступным днём спабору лік роўны – 8:8. Нагадаю, што ў паўфінале змаганне ідзе да 17 пераможных фрэймаў аднаго з гульцоў.

Турэцка-грэцкая баскетбольная бітва

Два матчы прайшлі ў плэй-оф баскетбольнай Еўралігі. Там вызначаюцца апошнія паўфіналісты. У прынцыповым, можна сказаць, палітычным, паядынку турэцкі «Анадолу Эфес» прымаў на сваім паркеце грэцкі «Панацінаікас» і перамог 85:82. Такім чынам лік у серыі стаў роўным – 2-2 і наперадзе вырашальная бітва.

«Барселона» дома ўзяла верх над «Манака» – 79:72. І тут у дуэлі спаборнікаў парытэт – 2-2.

«Манчэстэр сіці» нацэліўся на серабро

У ангельскай футбольнай прэм’ер лізе ўчора прайшоў адзін матч. «Манчэстэр сіці», які на фінішы набірае хаду, на сваім стадыёне перамог «Вулверхэмптан» – 1:0. Адзіны мяч у сустрэчы на рахунку Кевіна дэ Бройнэ. Каманда Хасепа Гвардыёлы пакуль перамясцілася на 3-е месца і скараціла адрыў ад лонданскага «Арсенала», які прэтэндуе на серабро, да трох ачкоў.

Беларусь згуляе з Японіяй «на пляжы»

На досыць экзатычным чэмпіянаце свету па пляжным футболе, які адбываецца на Сэйшэльскіх выспах, прайшлі чарговыя матчы. Вось іх вынікі: Італія – Аман – 7:4, Чылі – Таіці – 7:6, Бразілія – Сальвадор – 3:1, Іспанія ж сенсацыйна прайграла Сенегалу – 1:4. А ранейшы дзень прынёс досыць незвычайны ўраджайны вынік: адзін з фаварытаў каманда Партугаліі адолела Парагвай з рэдкім лікам 11:9. Сёння беларуская зборная ў сваім квартэце правядзе важнейшы паядынак супраць каманды Японіі, абодва калектывы ўжо маюць у сваім актыве па 3 ачкі. Пачатак сустрэчы а 13-й гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу (а 14-й паводле беларускага).

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя