МАК абвясцiў, што запрашэннi на ўдзел у Алімпійскіх гульнях-2024 пацвержданыя для 13 беларускiх спартоўцаў.

Гэта ў прыватнасці падпісанты ліста беларускіх спартоўцаў за Лукашэнку велагоншчыца Ганна Церах і батутыст Іван Літвіновіч, а таксама батутыстка Віялета Бардзілоўская, цяжкаатлеты Сюзана Валадзько, і Яўген Ціханцоў, барацьбіт Абубакар Хаслаханаў, весляры акадэмічныя Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч, стралкі Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова, тэнісістка Вікторыя Азаранка, весляры на байдарках і каноэ: Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна. Нагадаю, МАК лічыць магчымым удзел у Алімпійскіх гульнях спартоўцаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі.
Кубак Амерыкі. Уругвай мінімальна абыграў ЗША і выйшаў у 1/4 фіналу
На Кубку Амерыкі зборная ЗША саступіла камандзе Уругвая з лікам 1:0 і не змагла выйсці ў плэй-оф. Адзіным голам вызначыўся Маціяс Олівера. У іншай сустрэчы Панама перамагла Балівію з лікам 3:1. Пасля трох тураў ЗША займалі трэцяе месца ў групе, апярэджваючы Балівію.
У плэй-оф выйшлі Уругвай і Панама.
У Германіі пройдуць апошнія матчы 1/8 фіналу Еўра-2024
Зборныя Румыніі і Нідэрландаў пазмагаюцца ў матчы 1/8 фіналу Еўра- футболе, каб разыграць яшчэ адну пуцёўку ў чвэрцьфінал. Паядынак адбудзецца на “Альянц Арэне” ў Мюнхене. Стартавы свісток прагучыць у 19:00 паводле беларускага часу. Румынія выйшла ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы з першай пазіцыі квартэта E, дзе яе супернікамі былі Украіна, Бельгія і Славакія. Нідэрланды прабіліся ў плэй-оф Еўра з трэцяга месца квартэта D, апынуўшыся ззаду Аўстрыі і Францыі, але апярэдзіўшы Польшчу. У апошнім чвэрцьфінале згуляюць Аўстрыя і Турцыя. Каманда Аўстрыі выйшла ў плэй-оф з першага месца ў групе D, набраўшы 6 ачкоў. Зборная Турцыі стала другой у групе F з 6 ачкамі.
Ігнатовіч скасаваў кантракт з «Шахцёрам»
Брамнік Сяргей Ігнатовіч пакінуў салігорскі «Шахцёр». Дзеянне кантракта спынена па пагадненні бакоў. Ігнатовіч далучыўся да “Шахцёра” ў студзені мінулага года. Усяго за «гарнякоў» галкіпер правёў 27 матчаў, у якіх прапусціў 35 мячоў і 8 разоў пакідаў браму «сухой». У бягучым сезоне брамнік згуляў пяць гульняў, у якіх прапусціў дзесяць мячоў і адзін раз абараніў “на нуль”.
Футбалісткі “Дынама-БДУФК” згуляюць з “Віцебскам” у паўфінале Кубка Беларусі
У мінскім Доме футбола адбылося лёсаванне паўфінальных пар розыгрышу Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. Дзеючыя ўладальніцы Кубка краіны – футбалісткі сталічнага “Дынама-БДУФК” згуляюць з “Віцебскам”. Фіналісткі мінулага кубкавага турніру – спартоўкі ФК “Мінск” сустрэнуцца са сталічным клубам “Зорка-БДУ”. Паўфінальныя сустрэчы пройдуць 31 ліпеня, а вырашальны паядынак 33-га жаночага кубкавага розыгрышу адбудзецца 17 жніўня ў Гародні. У апошніх чатырох фіналах “Дынама-БДУФК” нязменна перамагала “Мінск”.
Новы кантракт Шаранговіча з «Калгары» стаў рэкордным для беларусаў у НХЛ
Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч заключыў новы кантракт з «Калгары». Паводле яго ўмовы хакеіст будзе зарабляць па 5 мільёнаў 750 тысяч даляраў у год на працягу 5 сезонаў. Такім чынам дадзенае пагадненне стане рэкордным для беларускіх хакеістаў у НХЛ. Раней рэкорд належаў кантракту Міхаіла Грабоўскага з «Таронта» паводле якога беларус зарабляў па 5.5 мільёнаў даляраў за сезон.
Беларускае Радыё Рацыя