
Фота: wikimedia.org
Беларуска Вікторыя Азаранка прабілася ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-500 у аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам 1 мільён 700 тысяч даляраў. Беларуская тэнісістка, якая займае 23-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолела ў трохсэтавым матчы прадстаўніцу Латвіі Алену Астапенку, у якой 12-я пазіцыя, – 6:3, 3:6, 7:5. У актыве Азаранкі 16 эйсаў. Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 30 хвілін. У паўфінале Азаранка згуляе з пераможцай сустрэчы паміж другой ракеткай планеты Арынай Сабаленкай і расійскай тэнісісткай Дар’яй Касаткінай.
Галоўным трэнерам БАТЭ зноў стаў Ігар Крывушэнка
Галоўным трэнерам футбольнага клуба БАТЭ стаў Ігар Крывушэнка.
Ён змяніў на гэтай пасадзе Кірыла Альшэўскага, пра чыю адстаўку стала вядома напярэдадні. У сваім першым інтэрв’ю на пасадзе Крывушэнка заявіў, што стаўку плануе рабіць на выхаванцаў БАТЭ: “У будучым сезоне зробім стаўку на выхаванцаў школы БАТЭ: і на цяперашніх, і на тых, хто калісьці выступаў у дублі або заявіў пра сябе ў іншых камандах. Так, заўзятары патрабавальныя, яны прызвычаіліся да барацьбы за самыя высокія месцы. Але ёсць прычыны, па якіх акцэнт ссунуўся — дадаў Крывушэнка. Ён ужо быў галоўным трэнерам барысаўскай каманды ў 2005-2007 гадах. За час сваё трэнерскай кар’еры Крывушэнка быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі, працаваў з мінскім “Дынама”, “Тарпеда-БелАЗ”, берасцейскім “Дынама”, у Расіі, Узбекістане ды Інданэзіі.
Беларускі хакеіст Шаранговіч набраў два ачкі ў матчы НХЛ
Беларускі нападнік “Калгары” Ягор Шаранговіч правёў чарговую выніковую гульню ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі.
У ноч з чацвярга на пятніцу адбыўся гасцявы паядынак “Калгары” супраць “Нэшвіла”, у якім Шаранговіч адзначыўся двума выніковымі баламі. На пятай хвіліне пры гульні ў большасці Ягор асіставаў Конару Зэры, які адкрыў лік у матчы, а незадоўга да канца трэцяга перыяду беларус закінуў сам, усталяваўшы тым самым вынік гульні – 6:3 на карысць “Флэймз”. Усяго Шаранговіч правёў на пляцоўцы 21 з паловай хвіліну, выканаў 4 кідкі і скончыў матч з паказчыкам карыснасці “0”.
Пасля 38 гульняў гэтага сезона ў актыве беларускага нападніка 25 (12+13) набраных ачкоў.
“Калгары” святкаваў трэцюю перамогу запар, з 39 баламі за 38 матчаў “агеньчыкі” займаюць 11-е месца ў Заходняй канферэнцыі, адстаючы ад зоны плей-оф на 2 пункты.
Зборная ЗША-U20 стала другім фіналістам МЧМ па хакеі.
У шведскім Гётэбаргу працягваецца стадыя плей-оф моладзевага чэмпіянату свету па хакею. У другім паўфінале сышліся зборныя ЗША і Фінляндыі. У статусе фаварыта да гэтай сустрэчы падыходзілі амерыканцы. Незадоўга да сірэны амерыканцы атрымалі права згуляць у большасці, якую рэалізаваў Катэр Гацье – гэтая шайба стала ў выніку пераможнай 3:2.
Супернікам каманды ЗША ў фінале будзе моладзевая зборная Швецыі, якая ў сваім паўфінальным матчы разабралася з чэхамі – 5:2.
Беларускае Радыё Рацыя






